Зборная Беларусі па хакеі сустрэнецца з чэмпіёнамі мінулай Алімпіяды
- 19.02.2010, 14:34
Хакеісты зборнай Беларусі сёння правядуць другі матч на Алімпіядзе-2010 у Ванкуверы.
Супернікамі беларусаў будуць алімпійскія чэмпіёны-2006 шведы, паведамляе БелТА. Гэтую гульню беларускія аматары спорту змогуць убачыць у прамым эфіры на Першым тэлеканале пачынаючы з 22.00.
Для швецкай дружыны сустрэча з беларусамі носіць прынцыповы характар — у 2002 годзе на Алімпіядзе ў амерыканскім Солт-Лейк-Сіці нашая каманда сенсацыйна абыграла скандынаваў у чвэрцьфінале (4:3) і ўвайшла ў чацвёрку наймацнейшых. Гэта была адзіная перамога беларускай каманды ў васьмі гульнях з «Трэ крунур». У астатніх паядынках шведы былі мацней: 1993 год — 5:2, 1998-ы — 5:2 і 2:1, 2000-ы — 7:0, 2003-ы — 2:1, 2006-ы — 4:1, 2008-ы — 6:5.
Пасля першага матчу папярэдняга этапу ў групе С з фінамі (1:5) трэнеры вырашылі паставіць у вароты Андрэя Мезіна. Галоўны трэнер беларусаў Міхаіл Захараў адзначыў, што ў гульні з фінамі Віталь Коваль выдатна праявіў сябе, адбіўшы мноства найнебяспечнейшых кідкоў і прэтэнзіяў да яго няма. Проста загадзя было вырашана, што алімпійскі турнір распачне Коваль, а ў другім матчы згуляе Мезін. Захараў таксама адзначыў, што шведы вельмі асцерагаюцца Андрэя Мезіна, які з'яўляецца адным з лепшых галкіпераў свету.
У іншым матчы гэтага квартэта зборная Фінляндыі сустрэнецца з камандай Германіі. У стартавым туры нямецкія хакеісты аказалі годны супраціў шведам, саступіўшы з лікам 0:2.