Кіраўнік МЗС Літвы: Вільня належыць не толькі літоўцам, але і беларусам
- 19.02.2010, 16:14
Быць шматкультурным горадам — частка ДНК Вільні, якую трэба захоўваць і развіваць, заявіў міністр замежных справаў Літвы Аўдронюс Ажубаліс.
Гэтая заява прагучала падчас сустрэчы прадстаўнікоў Рады міністраў Паўночных краінаў і міністраў краінаў Балтыі са студэнтамі Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта ў Вільні. Аўдронюс Ажубаліс заўважыў, што і літоўцы, і беларусы маюць права лічыць гэты горад сваёй сталіцай.
«Я з дзяцінства жыў у Вільні, гуляўся і біўся з дзецьмі розных нацыянальнасцяў — літоўцамі, беларусамі, расейцамі, палякамі, украінцамі, габрэямі. Я лічу, Вільня належыць не толькі літоўцам, а ўсім названым народам», — заявіў Ажубаліс.
Пасля міністра выступіла былая студэнтка БДУ Таццяна Шапуцька, адлічаная нібыта за непаспяховасць пасля ўдзелу ў Форуме Усходняга партнёрства, а пазней прынятая на дыстанцыйнае навучанне ў ЕГУ. «Я абрала ЕГУ, таму што ён наш, родны, беларускі і пры гэтым дэмакратычны, адсюль нас не выганяць па палітычных прычынах», — сказала яна.
У размове з журналістамі Шапуцька, якая таксама з'яўляецца намесніцай старшыні моладзевай арганізацыі «Малады фронт», заявіла, што ў Вільні хацела б адраджаць беларускую спадчыну. Аднак як студэнтка дыстанцыйнай праграмы 90% часу яна ў далейшым збіраецца праводзіць у Беларусі.
Дыскусія са студэнтамі праходзіла ў межах візіту ў дэлегацыі Рады міністраў Паўночных краінаў, які аказвае ЕГУ фінансавую дапамогу. Было заяўлена пра далейшую падтрымку краінамі Паўночнай Еўропы, а таксама Літвой дэмакратычных каштоўнасцяў у Беларусі. Рада вылучыла ЕГУ 300 тыс. еўра.