Януковіч сустрэўся з Лукашэнкам, які прыехаў разам з Колем
- 25.02.2010, 15:19
Прэзідэнт Украіны Віктар Януковіч правёў сёння ў Кіеве сустрэчу з беларускім кіраўніком.
«У адносінах нашых дзвюх краін наступае новы этап», - адзначыў падчас сустрэчы Віктар Януковіч.
«Мы гатовыя разам з вамі разгледзець усе асноўныя стратэгічныя напрамкі развіцця нашых адносін. Я гатовы працаваць разам з вамі, каб эканамічныя добрасуседскія адносіны паміж нашымі краінамі дынамічна развіваліся», - заявіў ён.
«Я не забыўся і не забуду радзіму сваіх продкаў - Віцебскую вобласць», - дадаў Януковіч.
Аляксандр Лукашэнка сказаў, што добра памятае апошнюю сустрэчу ў Менску з Віктарам Януковічам. «Мы тады шмат аб чым дамовіліся. І што б ні казалі пра тое, што ўлада іншая прыйшла, але мы рэалізоўвалі тыя планы і дамоўленасці», - падкрэсліў ён. Паводле яго словаў, гэта сведчыць аб тым, што ва Украіне - украінскія палітыкі і, хто б ні прыйшоў да ўлады, ён будзе змагацца за Украіну. «Гэта для нас самае галоўнае, што ва Украіне ёсць палітыкі, якія будуць рупіцца за Украіну», - падкрэсліў Лукашэнка. «Не трэба тут ніякіх падзелаў на Усход, Захад, Поўдзень. Ёсць краіна, ёсць усталяваная дзяржава з цудоўнымі людзьмі», - дадаў ён.
Паводле звестак выдання «Корреспондент», Лукашэнка прыбыў у Кіеў разам са сваім малодшым сынам Мікалаем.
Нагадаем, сёння, 25 лютага, Віктар Януковіч прынёс прысягу ўкраінскаму народу ў Вярхоўнай Радзе і стаў Прэзідэнтам Украіны. Затым Януковіч прыняў камандаванне Узброенымі сіламі Украіны і прыступіў да выканання абавязкаў Прэзідэнта.