BE RU EN

Менскія камуністы хочуць паставіць помнік Сталіну з дзіцём на плячах

  • 25.02.2010, 17:30

Беларускія левыя ўжо паўгода збіраюць грошы на помнік і на сённяшні дзень сабралі 670 даляраў.

«Сродкаў, пра зборы якіх мы абвясцілі некалькі месяцаў таму, пакуль крыху - Br2 млн (каля $670 даляраў), але гэта - ужо грошы. Трэба ўлічваць, што кампанію (па зборы сродкаў на помнік Сталіну ў Менску) па-сапраўднаму не разгортвалі», - паведаміў «Интерфаксу» сакратар-каардынатар рэспубліканскага грамадскага аб'яднання «За Саюз і камуністычную партыю Саюза» Леанід Школьнікаў.

Ён таксама паведаміў, што грамадскае аб'яднанне «звярнулася да беларусаў, якія жывуць за мяжой, каб сабраць грошы на аднаўленне помніка Сталіну ў Менску, але ўзнікла праблема».

У звязку з гэтым Школьнікаў растлумачыў, што «на наш рахунак з-за мяжы ад суайчыннікаў паступілі першыя 49 еўра, а дэпартамент па гуманітарнай дапамозе да сённяшняга дня вырашае, ці дазволіць выкарыстоўваць гэтыя 49 еўра на мэты, звязаныя з усталяваннем помніка Сталіну, ці не. Прайшло ўжо некалькі месяцаў, але адносна гэтай сумы ў еўра пакуль нічога не зразумела».

Школьнікаў заявіў, што збіраць грошы на «стварэнне помніка Сталіну ў Менску» беларускія левыя пачалі «пасля таго, як Менгарвыканкам тройчы адмовіў ім у просьбе ўсталяваць помнік на адной з плошчаў ці вуліц Менска».

«Мы неаднаразова звярталіся ў Менгарвыканкам, і тройчы нам быў дадзены адмоўны адказ, які чыноўнікі матывавалі рашэннем XX з'езда КПСС (на XX з'ездзе ў 1956 годзе быў асуджаны культ асобы -«ІФ»)», - сказаў сакратар-каардынатар.

Пры гэтым ён дадаў: «Мы здзівіліся той фармулёўцы - бо ўлетку 2001 года прайшоў XXXII з'езд КПСС, на якім усе рашэнні XX з'езда КПСС былі адмененыя, таксама былі адмененыя і рашэнні звязанага з ім XXII зьезда».

«Шкада, што людзі не сочаць за гісторыяй», - сказаў Школьнікаў.

Акрамя таго, Школьнікаў заявіў, што эскіз помніка Сталіну «ўжо пачалі рабіць».

«Мы былі ў адной з мастацкіх майстэрняў ў Менску. Ужо ёсць папярэдні эскізны праект. Ён нам спадабаўся, мы будзе абмяркоўваць яго», - сказаў Школьнікаў.

«Сталін намаляваны на пастаменце, з заклікаючай у будучыню правай рукой, а левай ён прытрымлівае на плячы дзіцё. Мы гэты помнік бачым у традыцыях помніка ў берлінскім Трэптаў-парку», - заявіў камуніст.

Закранаючы перспектывы ідэі ўсталявання помніка Сталіну ў Менску, Школьнікаў сказаў: «сумненняў няма, што помнік Сталіну будзе ўсталяваны ў Менску. Гэта проста пытанне часу».

Пры гэтым Школьнікаў заявіў, што «у Беларусі шмат адданых сталінцаў».

Апошнія навіны