Беларускія музыкі супраць цэнзуры «Rammstein»
- 26.02.2010, 8:43
Заява савета па маральнасці пра неабходнасць цэнзуры канцэрту нямецкага рок-гурта атрымала ў Беларусі адмоўныя водгукі.
Заклікі да цэнзуры напярэдадні выступу ў Менску нямецкага рок-гурта «Rammstein», якія прагучалі з вуснаў экс-сенатара, старшыні афіцыйнага Саюза пісьменнікаў Беларусі і адначасова кіраўніка Грамадскага савета па маральнасці, генерала міліцыі ў адстаўцы Мікалая Чаргінца выклікалі бурную рэакцыю ў беларускім грамадстве, паведамляе «Нямецкая хваля».
Пра цэнзуру беларускія гнаныя музыкі ведаюць не па чутках. Пасля выступу на канцэрце, прымеркаваным да 10-годдзя кіравання Аляксандра Лукашэнкі, гуртам «Палац», «Нейра Дзюбель», «Drum Ecstasy», NRM і іншым музыкам, якія актыўна выказваюць грамадзянскую пазіцыю, пачалі адмаўляць у правядзенні шоў і трансляцыі песняў па дзяржаўных і камерцыйных тэле- і радыёканалах.
Лідэр папулярнага беларускага рок-гурта «Нейра Дзюбель» Аляксандр Кулінковіч наогул сумняецца ў мэтазгоднасці існавання арганізацыяў, падобных да Савета па маральнасці, які ўзначальваецца Мікалаем Чаргінцом. «Усе гэтыя арганізацыі нікому не патрэбныя, яны нічога не робяць, гэта лайдакі, якім трэба паказаць сваю значнасць, вось яны зараз яе і паказалі», - лічыць музыка.
Аляксандр Кулінковіч асцерагаецца, што ў будучыні цэнзура можа перакінуцца на выступы беларускіх гуртоў, не абароненых так, як «Rammstein», які, па словах артыста, «можа ўсіх паслаць і паехаць далей па сваім туры».
Музыка ўпэўненыя, што савет па маральнасці ствараўся для таго, каб было прасцей уводзіць рознага кшталту забароны. Аляксандр Кулінковіч нагадаў, што і раней улады забаранялі розныя мерапрыемствы і канцэрты, але гэта рабілася пад выглядам адказу на лісты ветэранаў, «маўляў, мы, ветэраны, патрабуем адмяніць, забараніць і гэтак далей».
Хаця музыка ўпэўнены, што да такіх лістоў ветэраны не маюць ніякага дачынення. «Фабрыкаваць кожны раз такія лісты проста надакучыла, і стварылі такую арганізацыю, якая глабальна можа нешта забараніць», - лічыць лідэр гурта «Нейра Дзюбель».
Музычны крытык Зміцер Падбярэзскі таксама лічыць, што заявы і патрабаванні Чаргінца і савета па маральнасці, які ўзначальваецца ім, з'яўляюцца імітацыяй дзейнасці, і менавіта «Rammstein» стаў падставай нагадаць гэтаму савету пра сябе, што ён яшчэ існуе. Пры гэтым музычны аглядальнік не лічыць, што ад грамадскага савета зыходзіць нейкая пагроза для рок-музыкі наогул. «Гэтыя людзі проста займаюцца славаблудствам», - заявіў Падбярэзскі.
Зміцер Падбярэзскі заўважыў, што, на думку грамадскага савета, выступ «Rammstein» у Менску можа парушыць маральныя прынцыпы, і ў той жа час, нагадвае крытык, Савет па маральнасці не звяртае ўвагі на тое, што ў Беларусі праводзіцца нацыянальны чэмпіянат па стрыптызе – мужчынскім і жаночым. «Вось гэта неяк можа закрануць «кволую беларускую самасвядомасць», як яны кажуць? Па-мойму, можа», - сцвярджае эксперт.
Па словах Падбярэзскага, дзеянні савета на чале з Мікалаем Чаргінцом зрабілі гурту «Rammstein» бясплатную рэкламу. Крытык адзначае, што за гэта нямецкім музыкам трэба было б выказаць савету велізарную ўдзячнасць за праведзеную працу.