Алег Алкаеў: «Прыйшоў час вынесці прысуд па палітычных выкраданнях»
- 9.02.2010, 11:24
Аўтар кнігі «Расстрэльная каманда» заяўляе, што ў Еўропе ўзмацняецца цікавасць да тэмы гучных палітычных знікненняў у Беларусі.
На польскім канале «TVP Info» выйшла праграма з удзелам Алега Алкаева, аўтара выдання «Растрэльная брыгада». У інтэрв'ю «Радыё Рацыя» Алег Алкаеў распавёў, што цікавасць да тэматыкі Беларусі, а таксама і да зніклых палітыкаў цяпер даволі вялікая. Тым больш значная частка польскіх палітыкаў цяпер маюць магчымасць пазнаёміцца з «Растрэльнай брыгадай» на польскай мове.
- Найбольш вострае і цікавае пытанне, яко сёння задаюць заходнееўрапейскія журналісты: ці сапраўды Лукашэнку можна назваць вінаватым у знікненні палітыкаў і журналіста?
- Той, хто прачытаў кнігу, бачыць, што ў першай частцы кіраўнік краіны не абвінавачваецца, -- кажа Алег Алкаеў. -- Але толькі да таго моманту, пакуль ён не прыняў рашэнне аб вызваленні затрыманага на абсалютна абгрунтаваных і законных падставах Дзмітрыя Паўлічэнкі. Такім чынам асоба, якая стала на абарону злачынцы, віна якога даказаная на 90%, становіцца саўдзельнікам злачынства.
- Ці існуе ў асродку кіраўніка краіны пэўная група, экскадрон, які з'яўляецца бескантрольным? Гаворка ідзе пра выкраданні моладзевых апазіцыянераў.
- Кіраўнік краіны зараз не можа кантраляваць поўнасцю рэпрэсіўныя карныя ворганы. Таму кантралюецца толькі частка, якая бачная. Але праваахоўнікі, сілавікі, спецслужбоўцы сталі разумець, што кар'еру можна зрабіць не толькі праз затрыманні злачынцаў, але значна прасцей - праз затрыманні апазіцыянераў. Калі б любы супрацоўнік зазірнуў перад затрыманнем у кодэкс, дык такога беззаконня не было б. Але зазіраюць сілавікі не ў закон, а ў вочы начальству, дзе прачытаць можна вельмі мала.
- Роўна год таму былі затрыманы ваўкавыскія прадыпрамльнікі. Што чакаць у гэтай справе?
- Я захапляюся гэтымі былымі афіцэрамі, якія не зламаліся. Няхай ступень іх віны вызначае суд. І важна, каб гэты суд быў адкрыты. Не думаю, што Аўтуховіч стаў бы проста так супраціўляцца. Што датычыць справы, дык тут шмат момантаў, якія вельмі супярэчлівыя. Не веру, што яны здзейснілі злачынства. Прадпрымальнікам жадаю моцы і вытрымкі. Няхай яны памятаюць пра тое, што за ходам справы назіраюць ва ўсім свеце. Калі б улады Беларусі рабілі ўсё па законе, дык справа не выклікала б такога рэзанансу.
- Што можаце сказаць пра вашую наступную частку кнігі, вашыя планы?
- Зараз ідзе дыскусія, праблема ў тым, што я не хачу пакуль анансаваць шмат момантаў з прычыны бяспекі людзей, якія пагадзіліся даць інфармацыю. Паводле дамовы кніга павінна быць да снежня. Працоўная назва выдання – «Прысуд». Чытачы самі павінны прыйсці да высновы, што прыйшоў час да вынясення прысуду. Каму? Па кнізе можна зразумець. Па палічках у выданні раскладзеная віна кожнай асобы. Прычым я не выходжу за межы гучных чатырох злачынстваў.