У Беларусі чакаецца да 19 градусаў марозу
- 1.03.2010, 11:42
Маразы ў Беларусь прынясуць адгалоскі ўрагану «Ксінція».
Пахаладанне ў начныя гадзіны і ападкі чакаюцца ў Беларусі на гэтым тыдні, паведаміў агенцтву «Інтэрфакс» начальнік службы гідраметэаралагічных прагнозаў Белгідрамета Дзмітры Рабаў.
«Пахаладанне ў начныя гадзіны да мінус 19 градусаў прынясуць у Беларусь адгалоскі ўрагану «Ксінція», які ўскладніў умовы надвор'я ў краінах Заходняй Еўропы і зараз знаходзіцца над Балтыйскім морам», - паведаміў Рабаў.
Паводле яго словаў, «надвор'е першага тыдня сакавіка сёлета абумовяць актыўныя антыцыклоны. «У аўторак на большай частцы Беларусі чакаюцца ападкі - мокры снег, дождж, галалёдзіца. Тэмпература паветра ўначы чакаецца ад мінус 4 градусаў да плюс 1. Удзень - ад мінус 2 да плюс 4 градусаў», - удакладніў сіноптык.
У сераду пачнецца пахаладанне, асабліва ў начныя гадзіны. Уначы будзе 2-8 градусаў марозу, удзень - ад мінус 5 да плюс 1 градуса, удакладніў ён. У чацвер чакаецца 4- 11 градусаў марозу, пры праясненнях - да мінус 15. Удзень - 2-4 марозу, у ноч з пятніцы на суботу - 3-10 градусаў марозу, пры праясненнях - 12-19 марозу. Удзень чакаецца мінус 1-7 градусаў, па поўдні краіны - 0 - плюс 2, паведаміў Дз.Рабаў.
У нядзелю ўначы - 6-12, пры праясненнях 15-18 градусаў, удзень - 1 градус марозу, удакладніў ён.
Спецыяліст адзначыў, што «у такім надвор'і няма нічога анамальнага. Кароткачасовае вяртанне зімы ў пачатку сакавіка - тыповая з'ява для беларускага клімату».
Разам з тым сіноптык папярэдзіў, што такое надвор'е можа прывесці да складанай сітуацыі на дарогах. Пры рэзкіх ваганнях дзённых і начных тэмператураў узнікае галалёд.