BE RU EN

Сакратар ЦВК абвінаваціў назіральніка ў «прававым нігілізме»

  • 1.03.2010, 12:23

Праваабаронцу Алегу Мацкевічу праз два дні пасля рэгістрацыі яго заявы аб намеры быць назіральнікам у Барысаўскім раённым выбаркаме нечакана адмовілі ў гэтым праве.

Адмову старшыня камісіі намеснік начальніка аддзела адукацыі райвыканкама Зелянкевіч матываваў тым, што подпісы грамадзянаў, якія вылучылі Мацкевіча назіральнікам, былі на двух бланках. На адным бланку было восем подпісаў, на другім – пяць.

Алег Мацкевіч напісаў скаргу ў ЦВК і атрымаў адказ сакратара цэнтральнай выбарчай камісіі Мікалая Лазавіка, які падтрымаў дзеянні Барысаўскай камісіі. Адначасова Лазавік, як вядома інжынер-механік і палітолаг па адукацыі, абвінаваціў праваабаронцу ў прававым нігілізме, спасылаючыся на інфармацыю, апублікаваную на сайце праваабарончага цэнтра «Вясна».

Лазавік, у прыватнасці, піша: «Ваш прававы нігілізм быў адзначаны мной яшчэ да паступлення скаргі ў Цэнтральную выбарчую камісію. Інтэрнэт-публікацыя «Барысаў: спрэчкі аб падыходах да назірання ў выбаркамах», размешчаная 23 лютага 2010 года на сайце Праваабарончага цэнтра «Вясна» паказала, як далёка Вы выходзіце (спадзяюся не наўмысна) па-за межы заканадаўства, суб'ектыўна тлумачачы артыкул 13 Выбарчага кодэкса Рэспублікі Беларусь…

Выбарчы кодэкс не дае назіральнікам тых правоў, якія, зыходзячы з публікацыі, Вы спрабавалі абумовіць для сябе ў гутарцы са старшынём камісіі: нейкім чынам кантраляваць працу камісіі ці асобных яе чальцоў па-за паседжаннямі (у зручны для Вас час), рэвізаваць дакументы камісіі, патрабаваць неабходную (каму?) і інш. інфармацыю.

Мяркую, рэдактары сайта «Вясна» бачылі незаконнасць Вашых «дамоўленасцяў». Шкадую, што яны не паказалі на іх юрыдычную беспадстаўнасць і апублікавалі згаданы матэрыял».

Зыходзячы з адказу Мікалая Лазавіка, можна меркаваць, што сакратар ЦВК нейкім чынам чытае паміж радкамі. Бо ні пра які кантроль працы камісіі і рэвізію яе дакументаў з боку праваабаронцы ў інфармацыі гаворка не шла.

Апошнія навіны