Галівудская зорка распавяла пра трагічны лёс сваякоў у Беларусі
- 1.03.2010, 13:36
Сваякі ўладальніцы «Эмі» Лізы Кудроў былі забітыя ў Беларусі падчас наступу фашысцкай Германіі.
Зорка амерыканскага кіно і тэлебачання Ліза Кудроў, лаўрэат міжнароднай тэлевізійнай прэміі «Эмі», нарадзілася ў 1963 годзе ў штаце Каліфорнія ў сям'і эмігрантаў з Беларусі.
Як паведамляе «Радыё Свабода», апошнія некалькі гадоў актрыса набыла папулярнасць дзякуючы амерыканскай версіі генеалагічнага тэлепраекта ВПС «Who Do You Think You Are?». Сёння аналагі гэтай перадачы існуюць у шмат якіх краінах свету, у тым ліку і ў Расеі.
Ліза Кудроў - не толькі вядучая і суаўтар амерыканскага тэлешоў. Ёй належала сама ідэя запусціць «Who Do You Think You Are?» у ЗША. Гэта было прыкладна пяць гадоў таму, калі яна вярнулася са здымак фільма ў Ірландыі, дзе па ВВС упершыню і ўбачыла гэтую праграму. За час існавання амерыканскай версіі шоў, якая выходзіць на канале NBC, многія вядомыя асобы ў ЗША, дзякуючы Кудроў, змаглі даведацца свой радавод, невядомы ім раней.
У адным з апошніх выпускаў праграмы Ліза Кудроў распавяла пра свае беларускія карані.
Актрыса распавяла, што калі была маленькай, яна не раз чула ад бабулі, што «Гітлер забіў яе сваякоў».
Аднак на той час будучая зорка, паводле яе словаў, не вельмі цікавілася падрабязнасцямі. Потым яна пра гэта вельмі шкадавала.
Штосьці, хоць і зусім няшмат, Ліза Кудроў даведалася ад бацькі. Той, вядома, не мог памятаць родных беларускіх мясцін, адкуль яго вывезлі ў ЗША зусім маленькім. Але калісьці ён чуў ад свайго стрыечнага брата Баляслава, які пасля вайны жыў у Польшчы, што іх родную вёску цалкам знішчылі нямецкія фашысты.
Доўгі час Ліза Кудроў і не спадзявалася даведацца яшчэ што-небудзь пра гісторыю сваякоў, якія загінулі ў Беларусі, бо яе бацька страціў сувязь з стрыечным братам. І тут актрысе дапамагла перадача «Who Do You Think You Are?»
«Аднойчы я прапанавала з'ездзіць на радзіму маіх продкаў, каб раскрыць жахлівы лёс, які іх спасцігнуў. Прапанову прынялі», - распавяла тэлевядучая.
Так амерыканская група накіравалася ў беларускае мястэчка Ілле ў Менскай вобласці. У тутэйшых архівах знайшліся запісы, якія сведчылі, што прабабуля Лізы Кудроў - Меру Мардзеевіч, разам з дзецьмі і яшчэ 900 габрэямі, былі забітыя і спаленыя немцамі. Ад вясковых старажылаў амерыканскія тэлевізіёншчыкі даведаліся, дзе і як адбылася трагедыя - фашысты сагналі людзей на рынкавую плошчу, распранулі іх, расстралялі, а потым спалілі.
«Мне было вельмі цяжка ад гэтых аповедаў, бо я ўявіла сабе, што перажылі гэтыя людзі, сярод якіх былі і дзеці, і старыя, што ўвогуле перажылі ў гады вайны жыхары Беларусі», - распавяла ў перадачы Ліза Кудроў.
Паводле яе словаў, паездка прынесла сумныя ўражанні, аднак скончылася добра - у Польшчы ёй ўдалося адшукаць стрыечнага брата бацькі, Баляслава.
Гісторыю пра 900 нявінна загінулых жыхароў Беларусі пачулі ў ЗША. Гледачы пісалі Лізе Кудроў, што расказаная ёй гісторыя надоўга застанецца ў іх памяці.