Януковіч абвясціў Еўрапейскі Звяз прыярытэтным партнёрам Украіны
- 1.03.2010, 15:29
Прэзідэнт Украіны Віктар Януковіч здзяйсняе свой першы на гэтай пасадзе замежны візіт у Брусэль.
«Для Украіны еўрапейская інтэграцыя - гэта ключавы прыярытэт знешняй палітыкі, а таксама стратэгія ажыццяўлення сістэмных сацыяльна-эканамічных рэформаў», - сказаў Януковіч журналістам у бельгійскай сталіцы па заканчэнні сустрэчы з прэзідэнтам Еўракамісіі Жазэ Мануэлем Барозу.
Паводле яго словаў, бакі дасягнулі згоды, што «ключавой задачай з'яўляецца працяг перамоваў па заключэнні пагаднення аб асацыяваным членстве, уключаючы стварэнне паглыбленай ўсеабдымнай зоны свабоднага гандлю».
Крыху пазней у заяве для прэсы па заканчэнні сустрэчы з прэзідэнтам Савета ЕЗ Германам ван Рампеем Януковіч падкрэсліў: «Сярод прыярытэтаў будуць інтэграцыя ў Еўрапейскі Звяз, аднаўленне сяброўскіх і добрасуседскіх адносін з Расейскай Федэрацыяй, выбудоўванне добрасуседскіх адносін з іншымі краінамі - суседзямі і стратэгічнае партнёрства з ЗША».
ЕЗ і Украіна дамовіліся на працягу года ўзгадніць «дарожную карту» па руху да двухбаковага бязвізавага рэжыму, сказаў ён.
Януковіч запэўніў, што «Украіна будзе выконваць усе пагадненні і свае абавязацельствы па дастаўцы газу еўрапейскім спажыўцам» і «мадэрнізаваць свой газавы сектар і ствараць унутраны рынак газу». Паводле яго словаў, бакі працягнуць працу «па інтэграцыі Украіны ў газавы рынак ЕЗ».
Ён таксама пацвердзіў, што для рэалізацыі гэтых мэт Кіеў паспрабуе ўзняць узровень партнёрскіх адносін з Расеяй. «Еўрапейскі Звяз не менш за Украіну, зацікаўлены, каб мы з Расеяй аднавілі партнёрскія адносіны, якія будуць уплываць на шматлікія сацыяльна-эканамічныя пытанні, у тым ліку і ў Еўрапейскім Звязе», - сказаў прэзідэнт.
Адказваючы на пытанне, чаму першы замежны візіт у якасці кіраўніка дзяржавы Януковіч зрабіў у Брусэль, а не ў Маскву, ён сказаў: «Сёння 1 сакавіка. Таму 1 сакавіка - Брусэль, а 5 сакавіка будзе Масква». Ён заклікаў не шукаць падтэксту ў выбары месца свайго першага візіту. «Нашыя адносіны з ЕЗ непазбежна закрануць Расею і наадварот», - падкрэсліў ён.
Паводле Януковіча, адным з галоўных прыярытэтаў Украіны з'яўляецца эканамічнае аднаўленне, таму візіт у Брусэль мае асаблівае значэнне ў кантэксце перспектыў аднаўлення адносінаў Украіны з Міжнародным валютным фондам і пачатку аднаўлення даверу заходніх інвестараў да краіны.
У сваю чаргу, Жазэ Мануэл Барозу заявіў, што пасля таго, як Украіна выканае ўмовы МВФ, ЕЗ зможа даць ёй паўмільярда еўра макраэканамічнай дапамогі. «Гэта таксама забяспечыць пачатак аднаўлення да яе даверу міжнародных інвестараў», - падкрэсліў ён. Пры гэтым Барозу даў зразумець, што пра ўступленне Украіны ў ЕЗ гаворка пакуль не ідзе, і заклікаў не спекуляваць на гэтую тэму.
Віктар Януковіч выказаўся яшчэ па адной важнай тэме - будучыні стасункаў Украіны і НАТА. Ён заявіў у Брусэлі, што прынцыповых змяненняў не будзе, і яны застануцца на тым узроўні, як і пры яго папярэдніку Віктары Юшчанку. «Што тычыцца будучага - гэта пытанне перамоваў бліжэйшых», - сказаў ён. Пры гэтым прэзідэнт адзначыў, што «статус Украіны застаецца нязменным».
Адказваючы на пытанне, чаму сёння не будзе ніякіх сустрэч у штаб-кватэры НАТА, Януковіч спаслаўся на сціснутасць праграмы візіту з-за недахопу часу. Раней афіцыйны прадстаўнік альянсу Джэймс Апатурай пацвердзіў ІТАР-ТАСС, што сустрэча з прэзідэнтам Украіны пакуль не стаіць у парадку дня. Ён таксама сказаў, што яму невядомая дата бліжэйшай двухбаковай сустрэчы на высокім ці найвышэйшым узроўні.
Нагадаем, Юшчанка выступаў за ўступленне краіны ў НАТА. Аднак на Бухарэсцкім саміце альянсу ў красавіку 2008 года Кіеў не атрымаў права ўдзельнічаць у Плане дзеянняў па сяброўстве. Тым не менш, кіраўніцтва НАТА заявіла аб прынцыповай магчымасці ўступлення Украіны ў альянс.