Славакія падала ў суд на «Газпрам»
- 1.03.2010, 17:34
Кампанія Slovensky plynarensky priemysel падала ў міжнародны арбітражны суд у Парыжы пазоў да «Газпраму», запатрабаваўшы пакрыць страты ад транзітнага крызісу ў пачатку 2009 года.
Пра гэта паведамляе «Інтэрфакс» са спасылкай на свае крыніцы. Славакія, адзначым, стала адзінай краінай, якая запатрабавала ад «Газпрама» пакрыць страты.
Свае страты з-за супрацьстаяння Расеі і Украіны славацкі бок палічыў яшчэ ў сакавіку, накіраваўшы расейскім партнёрам патрабаванне пакрыць іх.
У пачатку студзеня 2009 года Славакія, якая практычна ўвесь газ закупляе ў Расеі, стала адной з найбольш пацярпелых ад расейска-украінскага газавага канфлікту краінай. Пасля таго, як 7 студзеня расейскі бок спыніў транзіт газу праз Украіну, у Славакіі ледзь не здарыўся энергетычны крызіс. Урад краіны нават заявіў, што мае намер зноў запусціць атамную станцыю «Яслаўске-Багуніцэ», спыненне якой было адной з умоў прыняцця Славакіі ў Еўразвяз.
За два тыдні транзітнага крызісу краіна недаатрымала каля 300 мільёнаў кубаметраў газу на суму ў 100 мільёнаў даляраў.
Неўзабаве пасля транзітнага крызісу пра намер патрабаваць кампенсацыю страт заявіла Балгарыя, але пазоў так і не быў пададзены. Расейскія чыноўнікі раілі ёй перанакіраваць свае прэтэнзіі Украіне.
У выніку SPP падпісала дамовы аб куплі 850 мільёнаў кубаметраў газу ў год з французскай GDF Suez і нямецкай E. ON Ruhrgas. Абедзве кампаніі з'яўляюцца саўладальнікам SPP.
«Доўгатэрміновыя кантракты аб дыверсіфікацыі паставак з GDF Suez і E. ON Ruhrgas значна зніжаюць залежнасць Славакіі ад адзінай крыніцы прыроднага газу. У выпадку непрадбачаных акалічнасцяў мы зможам забяспечыць да пятай часткі гадавога спажывання газу, атрымліваючы яго ад іншых крыніц», - заявіў тады топ-менэджмент SPP.
Варта адзначыць, што праз тэрыторыю Славакіі ідзе больш за палову расейскага газавага экспарту ў Заходнюю Еўропу. У лістападзе 2008 года «Газпрам» і SPP падпісалі пагадненні, у адпаведнасці з якімі да 2028 года праз Славакію будзе перапампавана больш за трыльён кубаметраў расейскага газу. Пры гэтым сама Славакія закупіць 130 мільярдаў кубаметраў паліва ў Расеі.