BE RU EN

У Іране арыштавалі сусветна вядомага рэжысёра

  • 2.03.2010, 13:58

Супрацоўнікі сіл бяспекі Ірана арыштавалі вядомага рэжысёра, лаўрэата шматлікіх міжнародных прэмій Джафара Панахі.

Уплывовы дзеяч кіно быў арыштаваны напярэдадні ноччу ва ўласным доме, разам з сям'ёй і 15 гасцямі, паведамляе NEWSru.com са спасылкай на ІТАР-ТАСС.

Відавочна, што арышт рэжысёра звязаны з яго актыўнай палітычнай пазіцыяй - падчас прэзідэнцкіх выбараў у Іране Панахі адкрыта выступіў у падтрымку лідэра іранскай апазіцыі Мір-Хасейна Мусаві.

Ён і раней падвяргаўся ганенням з боку ўладаў. Так, у ліпені мінулага года рэжысёр і члены яго сям'і былі арыштаваныя на могілках Тэгерана, куды яны прыйшлі разам з некалькімі сотнямі апазіцыянераў, каб ушанаваць памяць паплечнікаў, якія загінулі падчас беспарадкаў пасля прэзідэнцкіх выбараў. Пазней Панахі і яго сваякоў адпусцілі.

У лютым 2010 года Панахі не выпусцілі з краіны - яму забаранілі ляцець на кінафестываль у Берлін, дзе ён павінен быў узяць удзел у круглым стале, прысвечаным сучаснасці і будучыні іранскага кінематографа.

49-гадовы Джафар Панахі (Jafar Panahi) лічыцца адным з самых вядомых і ўплывовых рэжысёраў у Іране. Ён вядомы такімі фільмамі, як «Кола», «Афсайд», «Чырвонае золата», якія атрымлівалі прызы на кінафестывалях у Канах, Венецыі і Берліне.

У 2008 годзе Джафар Панахі ўзначальваў журы прэстыжнага міжнароднага Ратэрдамскага кінафестывалю.

Апошнія навіны