Бароўская: Піць піва на балконах можна
- 2.03.2010, 15:07
Прадстаўнікі праваахоўных органаў пракаментавалі ўнесеныя змены ў Адміністрацыйны кодэкс.
Як паведамляе «Наша Ніва», 2 сакавіка на прэс-канферэнцыі ў Менску першага намесніка міністра ўнутраных спраў Алега Пякарскага папрасілі пракаментаваць змены ў Адміністрацыйны кодэкс, якія забараняюць ужываць алкагольныя напоі ў грамадскіх месцах.
У першую чаргу чыноўнік заявіў, што штогод ад атручвання алкаголем памірае 2 500 чалавек. А 40% усіх злачынстваў здзяйсняецца ў стане алкагольнага ап’янення. «За мяжой, у Еўропе, мы не бачым, каб моладзь збіралася ў нейкім грамадскім месцы для распіцця алкаголю», -- зазначыў Пякарскі.
Першы намеснік міністра ўнутраных спраў выказаў засмучэнне, што своечасова не была дадзена каманда Міністэрству гандлю для адкрыцця адпаведных устаноў, дзе б прадаваліся на разліў спіртныя напоі.
Прадстаўнік МУС даў жорсткую ацэнку стану ўжывання алкаголю грамадзянамі Беларусі.
«Патрэбны час, каб грамадства ўсвядоміла, што гэта супрацьзаконна. Калі ўжыванне алкаголю будзе працягвацца ў такой самай колькасці, то цяжка сказаць, што з намі будзе праз 15 20 гадоў. Ці не будзе нашае грамадства дэфармаваным?», -- запытаў Алег Пякарскі.
Прэс сакратар МУС Святлана Бароўская адзначыла, што ў шэрагу СМІ з’явілася інфармацыя аб тым, што піва нельга піць нават на балконе. Бароўская заявіла, што на сваім балконе можна. Нельга - на балконе пад’езда.