BE RU EN

АНТ адмаўляецца плаціць па рахунках

  • 23.03.2010, 12:15

Беларускі тэлеканал адмовіўся ўручыць прыз пераможцу адборачнага тура на «Еўрабачанне-2010».

Абяцаныя тэлеканалам АНТ 50 тысячаў даляраў за песню-пераможцу шоў «Музычны суд» ніхто не атрымае.

Пра гэта «Еўрарадыё» распавяла дырэктарка гурта «3+2» Кацярына Вашчанка. Як нечакана высветлілася, 50 тысячаў даляраў нікому і не абяцалі. Нібыта былі іншыя абяцанні.

«Пераможцу праекта 50 тысячаў даляраў не абяцалі. Была іншая гісторыя. Пераможцы першага і другога сезону шоў ужо дакладна едуць у якасці гасцей на конкурс «Еўрабачанне», -- паведаміла Кацярына Вашчанка.

Нагадаем, што перад пачаткам шоў «Музычны суд» кіраўніцтва АНТ заяўляла, што гэта спецыяльны конкурс-адбор песні для «Еўрабачання», і аўтар песні, якая стане пераможцам конкурсу, атрымае 50 тысячаў даляраў узнагароды. Пасля таго, як у АНТ узніклі пытанні з удзелам у «Еўрабачанні», прадстаўнікі тэлеканала пачалі казаць, што гэтыя грошы атрымае аўтар той песні, якая стане пераможцам у двух ці трох сезонах шоў. Як высветлілася зараз, зарабіць абяцаныя тысячы будзе яшчэ складаней.

«Калі песня пераможца конкурсу бярэ ўдзел у «Еўрабачанні» і калі яна займае пэўнае месца — уваходзіць у дзесятку ці праходзіць у паўфінал. Менавіта тады будзе гавока пра фінансавую ўзнагароду», -- сказала Кацярына Вашчанка.

А паколькі ў Осла паедзе песня, напісаная расейскім прадзюсарам Максам Фадзеевым, дык можна з упэўненасцю сказаць, што 50 тысячаў даляраў АНТ здолела зэканоміць.

Апошнія навіны