Менск пераходзіць на эканомны рэжым ацяплення
- 29.03.2010, 17:56
У Менску сёння завяршаецца перавод адміністрацыйных і грамадскіх будынкаў у рэжым прапальвання.
Гэта значыць, што тэмпература ў іх будзе падтрымлівацца ноччу і ў выхадныя дні на ўзроўні 12 градусаў, а ў працоўны час ацяпленне ўключаецца ў камфортным рэжыме. Пра гэта сёння паведаміў на аператыўнай нарадзе ў гарвыканкаме начальнік Менскага гарадскога ўпраўлення па наглядзе за рацыянальным выкарыстаннем паліўна-энергетычных рэсурсаў Ігар Тур. Месцы агульнага карыстання ў жылых дамах зусім адключаюцца ад цеплазабеспячэння, перадае агенцтва «Мінск-Навіны».
Пераход на эканомным рэжыме ацяплення веўся на працягу папярэдняга тыдня, растлумачыў І. Тур. Гэта дазволіць гораду выканаць паказчыкі па энергазберажэнні, а таксама знізіць нагрузку на насельніцтва па аплаце жыллёва-камунальных паслуг. У суткі Менск зэканоміць 800-900 т умоўнага паліва, або 350-370 млн. рублёў.
«Летась ацяпляльны перыяд у горадзе быў некалькі зацягнуты ў сувязі з няўстойлівым прагнозам надвор'я, - нагадаў начальнік упраўлення. - Таму на працягу 10 дзён ацяпленне не выключалі ў адміністрацыйных, жылых, грамадскіх будынках. У гэтым годзе мы вырашылі аптымізаваць працэс адключэння і кожны дзень рэгуляваць падачу цяпла ўручную да канца ацяпляльнага сезона», - сказаў Ігар Тур.
Завершыцца ж ацяпляльны сезон, калі сярэднесутачная тэмпература вонкавага паветра на працягу пяці сутак запар будзе вышэй за 8 градусаў. У першую чаргу адключаюць ад цяпла прамысловыя будынкі і будынкі, затым адміністрацыйныя і грамадскія, потым жылы фонд і навучальныя ўстановы. У апошнюю чаргу батарэі выключаць у дзіцячых садках і ўстановах аховы здароўя.