Кандыдат у дэпутаты абвесціў галадоўку ў менскай турме
- 9.03.2010, 13:45
Актывіст аргкамітэта па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» (БХД) Андрусь Кашэўскі пратэстуе супраць свайго арышту.
У сувязі з гэтым апазіцыянер, які адбывае адміністрацыйны арышт, абвесціў галадоўку.
Андрусь Кашэўскі быў затрыманы ўвечары 3 сакавіка ў Менскам метрапалітэне. Яго даставілі ў суд Ленінскага раёна, дзе прысудзілі да 15 суткаў адміністрацыйнага арышту нібыта за дробнае хуліганства, паведамляе БелаПАН. Зараз актывіст знаходзіцца ў турме на Акрэсціна.
Кашэўскі займаўся распаўсюдам недзяржаўнай газеты «Народная воля», аднак падчас затрымання газетаў пры сабе ў яго не было.
Актывіст меў намер балатавацца ў гарадскі савет Жодзіна (Смалявіцкі раён, Менская вобласць). Аднак з-за адміністрацыйнага арышту ён не зможа своечасова здаць подпісы грамадзянаў за вылучэнне яго кандыдатам у дэпутаты.