Ацяпленне ў дамах адключаць, як толькі пахаладе
- 14.04.2010, 15:53
У Менску 15 красавіка сканчваецца ацяпляльны сезон для ўсіх катэгорый спажыўцоў, у тым ліку ў жылым сектары.
Пра гэта БелТА паведамілі ў прэс-цэнтры Менгарвыканкама.
Рашэнне аб адключэнні цяпла Менгарвыканкам прыняў «у сувязі са спрыяльным прагнозам надвор’я». Выключэнне – дзіцячыя дашкольныя ўстановы, школьныя, лячэбна-прафілактычныя, медыцынскія ўстановы, а таксама ўстановы сацыяльнага забеспячэння, музеі і дзяржаўныя архівы.
Рашэнне аб адключэнні ацяплення ў дамах прымаецца ў выпадку, калі сярэднесутачная тэмпература вонкавага паветра на працягу пяці дзён складае 8 градусаў цяпла, а для дзіцячых садоў і лячэбна-прафілактычных стацыянараў яна павінна складаць 10 градусаў.
Аднак адключэнне ацяплення адбудзецца на фоне рэзкага пахаладання. Халодныя паветраныя масы, якія набліжаюцца да Беларусі з боку Атлантыкі, стануць прычынай паніжэння тэмпературы паветра, дажджу, а месцамі - мокрага снегу, паведаміў агенцтву «Интерфакс» у сераду начальнік службы гідраметэаралагічных прагнозаў Рэспубліканскага гідраметэаралагічнага цэнтра Дзмітрый Рабаў.
«У бліжэйшую пятніцу ў Беларусі чакаецца пагаршэнне надвор'я. Прагназуецца паніжэнне тэмпературы, ападкі. Пахаладанне прынясуць халодныя паветраныя масы з Атлантыкі», - паведаміў Рабаў.
Паводле яго слоў, у пятніцу на большай частцы тэрыторыі рэспублікі чакаюцца дажджы, месцамі навальніцы, ноччу тэмпература паветра панізіцца да 2-8 градусаў цяпла, днём чакаецца 9-16 градусаў. У бліжэйшую суботу ў начныя гадзіны ў паўночна-заходніх раёнах рэспублікі прагназуецца мокры снег, тэмпература ўначы будзе вагацца ад мінус 1 да плюс 6 градусаў, днём чакаецца 5 - 12 градусаў цяпла, паведаміў Рабаў.
У нядзелю ўначы, паводле прагнозаў, будзе ад мінус 2 да плюс 5 градусаў цяпла, днём 9-16 градусаў, удакладніў суразмоўца агенцтва. Паводле яго слоў, на большай частцы тэрыторыі Беларусі чакаюцца кароткачасовыя дажджы. Такое надвор'е пратрымаецца да пачатку трэцяй дэкады красавіка, потым пацяплее, удакладніў Рабаў.