Беларусь «падставіла» расейскіх выдаўцоў
- 6.04.2010, 12:28
У лютым Расея і Казахстан, якія ўваходзяць у Мытны саюз, узгаднілі зніжэнне пошлінаў на ўвоз мелаванай паперы з 15 да 5%.
Аднак Беларусь да гэтага часу свой подпіс не паставіла. Калі сітуацыя са зніжэннем пошліны не вырашыцца ў бліжэйшы час, выдаўцы не выключаюць вяртання за мяжу. Шэраг выдавецкіх дамоў з гэтага года пачалі друкаваць сваю прадукцыю ў Расеі ў разліку на зніжэнне пошлінаў, паведамляе РБК.
На апошнім паседжанні камісіі Мытнага саюза ў лютым Расея і Казахстан падпісалі пагадненне пра зніжэнне пошлінаў на ўвоз мелаванай паперы ў Расею з 15 да 5%. Меркавалася, што рашэнне ўступіць у сілу праз месяц з дня апублікавання. Апублікаваць яго планавалася ў канцы лютага - як толькі свой подпіс паставіць Беларусь. У лютым прадстаўнік камісіі распавядаў РБК daily, што «пытанне са зніжэннем пошлінаў вырашанае», а «подпіс Беларусі - фармальная працэдура», якая зойме «пару дзён». Аднак Беларусь да гэтага часу зніжэнне пошлінаў не ўхваліла.
У камісіі Мытнага саюза ўчора не змаглі пракаментаваць прычыны, з якіх Беларусь не падпісвае дакумент, паведаміўшы толькі, што гэтае пытанне будзе вырашацца ў краіне «ў працоўным парадку». Выдаўцы, паліграфісты і прадстаўнікі профільных арганізацыяў занепакоеныя сітуацыяй, якая склалася. «Перш за ўсё гэта б'е па выдавецкіх дамах, у якіх выдаткі на друк у гэтым годзе закладзеныя зыходзячы з разліку, што пошліны будуць зніжаныя», - кажа першы намеснік гендырэктара «Пушкінскай плошчы» Андрэй Сулейкаў. Шэраг выдавецкіх дамоў з пачатку гэтага года перавялі друк сваёй прадукцыі з-за мяжы ў Расею. Сярод іх Bauer Media, «Бурда» і «Сем дзён».
Па словах топ-мэнэджэра аднаго з трох вышэйназваных выдавецкіх дамоў, абяцанне пра зніжэнне пошлінаў было адным з ключавых фактараў пры прыняцці рашэння аб адмове супрацоўніцтва з замежнымі друкарнямі на карысць расейскіх. «Мы дамаўляліся з расейскімі друкарням на кошты з разліку адмены пошлінаў на ўвоз паперы. А цяпер склалася вельмі непрыемная сітуацыя, - кажа ён. - Калі працэс зацягнецца, мы можам перагледзець сваё рашэнне на карысць замежных друкарняў». Па словах прадстаўніка яшчэ аднаго выдавецкага дома з трох вышэйназваных, ён таксама не выключае пераводу друку прадукцыі за мяжу, калі сітуацыя з пошлінамі «у бліжэйшы час не вырашыцца». Гендырэктар «Пушкінскай плошчы» Алег Папцоў кажа, што «зніжэнне пошлінаў з'яўляецца, па сутнасці, пытаннем выжывання для галіны». Паводле яго словаў, «у 2009 годзе большасць газетна-часопісных друкарняў краіны былі загружаныя толькі на 50%». Па падліках Садружнасці папяровых аптавікоў (СПА), у 2009 годзе агульнае падзенне імпарту паперы і кардону для друку ў Расею склала 30%, да 826,4 тыс. т. На 40% скарацілася і вытворчасьць часопісаў у Расеі.
Выканаўчы дырэктар СПА Вольга Шырокава адзначае, што «затрымка з подпісам дакумента сур'ёзна тармозіць бізнэс-працэсы». «Рынак знаходзіцца ў чаканні зніжэння пошлінаў, - кажа яна, - некаторыя друкарні нават прыпынілі пакуль закупку паперы па старых коштах». Прэзідэнт ГВПД Аляксандр Страхаў мяркуе, што адцягванне рашэння па зніжэнні пошлінаў пагражае стратамі не толькі паліграфічнаму і выдавецкаму бізнесу, але і непасрэдна дзяржаве: «Паводле ацэнак, праведзеных працоўнай групай Мінкамсувязі і Нацыянальнага каардынацыйнага савета прэсы па пытанні пошлінаў, дадаткова атрыманыя даходы дзяржавы ў выглядзе падаткаў пры зніжэнні пошлінаў могуць складаць да 1,5 млрд руб. на наступны год пасля зніжэння».