Зямлю пад гатэль «Кэмпінскі» у цэнтры Менска аддалі бясплатна
- 13.05.2010, 13:49
Элітны гатэль «Кэмпінскі» павінны з'явіцца ля будынка Белдзяржцырка ў Менску да канца 2013 года. Адпаведны ўказ № 243 падпісаў 11 траўня Аляксандр Лукашэнка.
Праектаванне і будаўніцтва комплексу будзе ажыццяўляць «Эліт Эстейт» за кошт уласных сродкаў. А вось зямельны ўчастак паміж праспектам Незалежнасці, вуліцай Янкі Купалы і Свіслаччу прадастаўляецца заказчыку «у арэнду без правядзення аўкцыёну і без спагнання платы за заключэнне дамовы арэнды», паведамляе «Наша Ніва».
Акрамя таго, «Эліт Эстейт» вызваляецца ад аплаты пошлін і ПДК пры ўвозе тавараў для праектавання, будаўніцтва і аснашчэння комплексу збораў у бюджэт Мінска і адлічэнняў у фонд Аляксандра Лукашэнкі.
Каб спрасціць працэдуру прыцягнення на будоўлю гастарбайтэраў, рашэнні аб выдачы спецдазволаў на права працы ў Беларусі будуць выдавацца на працягу 2-7 дзён.
«Эліта-Эстейт» - кампанія, створаная пры маскоўскай мэрыі. Усе ранейшыя праекты рэалізоўваліся ў Маскве і Падмаскоўі.