Працаўніца банка друкавала грошы на прынтэры і падкладвала ў касу
- 14.05.2010, 9:04
У суд Пінскага раёна і Пінска пракуратура Берасцейскай вобласці накіравала крымінальную справу супрацоўніцы мясцовага філіяла аднаго з банкаў.
Жанчына абвінавачваецца ў крадзяжы з касы больш чым 61 млн. рублёў, паведаміла БелаПАН старэйшы памочнік пракурора Берасцейскай вобласці Вольга Дзмітрук.
Працаўніца банка абвінавачваецца ў здзяйсненні злачынства па ч. 4 арт. 211 Крымінальнага кодэкса (прысваенне ці растрата ў асабліва буйным памеры).
Паводле звестак следства, з сярэдзіны лютага 2009 года па студзень 2010-га яна сістэматычна вымала з касы банка давераныя ёй грашовыя сродкі (расейскія і беларускія рублі, даляры і еўра), якія прысвойвала і марнавала на свае патрэбы. Выкрадзеныя купюры замяняла на фальшывыя, вырабленыя дома на прынтэры.
Расследаванне злачынства праведзенае следчым упраўленнем папярэдняга расследавання УУС Берасцейскага аблвыканкама.