BE RU EN

У Менску на лета пачалі адключаць начное асвятленне вуліцаў і двароў

  • 21.05.2010, 9:30

Апоўначы будзе гаснуць адзін ліхтар з трох. Такім чынам сталічныя ўлады збіраюцца зэканоміць амаль паўмільёна даляраў.

«Кожны год да нас даводзіцца праграма па энергазберажэнні. У сувязі з гэтым з 17 траўня па 31 жніўня па Менску асвятленне будзе працаваць без адной траціны у вечаровым рэжыме», — распавёў «Еўрарадыё» галоўны інжынер «Менскгарсвятла» Дзмітрый Сырамалотаў.

Адключаць святло будуць з 24 гадзінаў да 5 раніцы. Такія меры эканоміі прынятыя ў адпаведнасці з пастановай № 248 ад 22 лютага 2010 года «Аб мерах эканоміі паліўнаэнергетычных рэсурсаў да 2012 года».

Адключэнні датычаць не толькі вуліцаў, але часткова і двароў. Звязана гэта перш за ўсё з самой схемай асвятлення.

«Шафы вонкавага асвятлення часта звязваюць вуліцу і двары. Таму калі вуліца адключаецца часткова, дык, бывае, адключаецца і дваровае асвятленне, бо сілкуецца з адной крыніцы», — адзначыў Сырамалотаў.

Адключацца павінна толькі адна траціна ліхтароў. Гэта значыць, што калі ёсць тры асвятляльнікі, гарэць будуць толькі два, тлумачыць спецыяліст.

Але ў некаторых дварах у раёне вуліцы Жукоўскага, напрыклад, было зусім цёмна: не гарэў ніводзін ліхтар.

«Я заязджаў на машыне ў свой двор акурат апоўначы. Бах! Усё згасла. У двары нічога не відаць, а машыны — адна на адной. Баяўся, што пакарабачу ўсе аўтамабілі навокал. Было цёмна, быццам у лесе. І ліхтары так потым і не ўключылі», — распавёў нам жыхар вуліцы Жукоўскага Алег.

У «Менскгарсвятле» тлумачаць такое здарэнне дробнымі аварыямі, але пры гэтым адзначаюць, што ў дварах святло на лета застанецца — праўда, мінімальна. «Адключэнні пачаліся 17 траўня, можа пасля зімы былі аварыі. Да нас ідуць заяўкі, мы іх ліквідуем. Разумееце, не бывае ўсё гладка. Вядома, двары павінны гарэць. Не цалкам, але часткова».

Чакаецца, што за кошт гэтых мераў зэканоміць атрымаецца каля 2,7 мільёнаў кілават-гадзінаў, а гэта каля 400 тысячаў даляраў.

Апошнія навіны