BE RU EN

«Еўрабачанне-2010» выйграла Германія, беларусы - другія з канца (Відэа)

  • 30.05.2010, 14:41

Пераможцам песеннага конкурсу «Еўрабачанне-2010» стала 18-гадовая Лена Мэер-Ландрут з песняй Satellite з Германіі.

Яна набрала 246 балаў. Другое месца ў Турцыі, трэцяе – у Румыніі. Фінал конкурсу скончыўся позна ўвечары 29 траўня на сцэне Telenor Arena у нарвежскім Осла, перадае TUT.by.

У беларусаў 24-е месца і 18 балаў

Беларускія ўдзельнікі - група «3+2» з 18 баламі апынулася на 24-м месцы. Прыемна здзівіла Грузія, якая паставіла беларусам максімальны бал. 3 бала беларусам паставілі малдаване, 2 - расейцы, 1 - баўгары, а вось украінцы нас сваёй увагай абыйшлі. Ніжэй за Беларусь у выніковай табліцы апынулася толькі Вялікабрытанія. Дарэчы, як стала вядома 29 траўня, у сваім паўфінале беларусы занялі 9-е месца.

Усяго ў фінале «Еўрабачання-2010» прымалі ўдзел прадстаўнікі 25 краінаў: Азербайджана, Гішпаніі, Нарвегіі, Малдовы, Кіпра, Босніі і Герцагавіны, Бельгіі, Сербіі, Беларусі, Ірландыі, Грэцыі, Вялікабрытаніі, Грузіі, Турцыі, Албаніі, Ісландыі, Украіны, Францыі, Румыніі, Расеі, Арменіі, Германіі, Партугаліі, Ізраіля і Даніі.

Беларусы выканалі песню Butterflies Макса Фадзеева і Малькі Чаплін. У склад групы «3+2» уваходзяць Арцём Міхаленка, Егіазар Фарашан, Юлія Шышко, сёстры-блізняты Алёна і Нінэль Карповіч. Разам з маладымі артыстамі на сцэну выйшаў швецкі піяніст Роберт Уэлс.

Беларусы ацанілі суседзяў і Ізраіль

Беларускія тэлегледачы паставілі максімальны бал музычнаму калектыву Пятра Наліча, які прадстаўляў Расею. «Дзесятку» ад Беларусі атрымалі ўкраінцы, а 8 балаў - Ізраіль. Вынікі галасавання агучваў чэмпіён Ванкувера Аляксей Грышын.

Нагадаем, прадстаўнікі Беларусі другі раз за гісторыю ўдзелу ў «Еўрабачанні» прайшлі ў фінал конкурсу. Першым гэта зрабіў Дзмітры Калдун у 2007-м годзе: з песняй Work your Magic ён узняўся на 6-ы радок выніковай табліцы.

18 тысячаў гледачоў, Рыбак, прынцэса, прэм'ер і міністр культуры

«Еўрабачанне-2010» адкрыў трыюмфатар леташняга маскоўскага конкурсу нарвежац беларускага паходжання Аляксандр Рыбак са сваёй песняй Fairytale. На шоў прысутнічала 18 тысячаў гледачоў, у тым ліку крон-прынцэса Нарвегіі Метэ-Маріт, прэм'ер-міністр Енс Столтэнберг, а таксама міністр культуры Тронд Гіске.

Прамую трансляцыю з Осла вёў Першы канал беларускага тэлебачання, каментаваў выступы артыстаў Дзяніс Кур'ян.

Пераможца конкурсу вызначаўся шляхам глядацкага галасавання і галасавання прафесійнага журы. У беларускім экспертным журы «Еўрабачання-2010» прымалі ўдзел Анатоль Ярмоленка (народны артыст Беларусі), Валеры Грабенка (загадчык аддзелам гукарэжысёраскай студыі галоўнай дырэкцыі тэлевытворчасці Белтэлерадыёкампаніі), Людміла Барадзіна (выканаўчы прадзюсар тэлеканала ЛАД), Алена Трашчынская (намесніца дырэктара радыёстанцыі «Радыюс FM»), а таксама Аляксандр Капенкін (дырэктар дырэкцыі студыі Першага канала).

Апошнія навіны