Фура і маршрутка сутыкнуліся ў Менску. Ёсць пацярпелыя
- 25.06.2010, 15:47
25 чэрвеня ў 10.15 на скрыжаванні вуліцаў Прытыцкага і Цімашэнкі адбылося сутыкненне фуры і маршруткі. Трое чалавек шпіталізаваныя.
Згодна са звесткамі, якія маюцца ў ДАІ на дадзены момант, маршрутнае таксі ехала па вуліцы Прытыцкага з боку Ляшчынскага. На скрыжаванні адбылося сутыкненне з фурай з нумарным знакам 4-га рэгіёну (Гарадзенская вобласць).
Паводле папярэдняй інфармацыі, ёсць сведкі ДТЗ, якія бачылі, што менавіта фура праехала на чырвонае святло святлафора, паведаміла «TUT.by» начальнік аддзела агітацыі і прапаганды УДАІ ГУУС Менгарвыканкама Жана Трайно. Таксама ў ДТЗ ўдзельнічаў аўтобус.
Паводле апошняй інфармацыі, па медыцынскую дапамогу звярнуліся 10 чалавек, трое з іх былі шпіталізаваныя. У аднаго з пацярпелых - пералом пазваночніка, яшчэ ў аднаго - пералом таза. Кіроўца маршруткі атрымаў удар ныркі. Усе астатнія адпушчаныя.
Па гэтай справе праводзіцца расследаванне.