Падпалкоўніку ДАІ інкрымінуецца наезд
- 23.07.2010, 9:48
Праз амаль год пракуратура ўсё ж узбудзіла крымінальную справу ў дачыненні да міліцыянта за здейснены наезд на пенсіянера-веласіпедыста.
У верасні 2009 года намеснік начальніка батальёна ДПС ДАІ УУС Віцебскага аблвыканкама ехаў па абласным горадзе на асабістай аўтамашыне «Аўдзі». Каля 21.00 пры выездзе на галоўную дарогу падпалкоўнік ДПС здзейсніў наезд на 68-гадовага пенсіянера, які ехаў на ровары па той самай галоўнай дарозе.
У выніку ДТЗ пенсіянер-веласіпедыст атрымаў цялесныя пашкоджанні і быў дастаўлены на лячэнне ў шпіталь.
Разгляд па здарэнні працяўваўся амаль год. За гэты час было вынесена мноства рашэнняў і яшчэ больш напісана скаргаў. Хтосьці ў горадзе казаў, што падпалкоўнік ДПС невінаваты, хтосьці сцвярджаў, што яго спрабуюць усялякімі шляхамі адмазаць. Так ці інакш, але праз 10 месяцаў пракуратура нарэшце вынесла рашэнне аб ўзбуджэнні крымінальнай справы ў дачыненні да намначальніка батальёна ДПС вобласці. Яму інкрымінуецца здзяйсненне злачынства па ч.1 арт.317 КК РБ (парушэнне правілаў дарожнага руху ці эксплуатацыі транспартных сродкаў асобай, які кіруе транспартным сродкам, што пацягнула па неасцярожнасці прычыненне менш цяжкага цялеснага пашкоджання). Вядзецца следства, піша «Штодзённік» .