BE RU EN

Станіслаў Шушкевіч: мы з Дабралюбавым сядзелі на гаўпвахце

  • 23.07.2010, 12:41

У Менску развіталіся са знакамітым кінарэжысёрам Ігарам Дабралюбавым. На паніхіду сабраліся яго сябры і калегі, але кіраўніцтва «Беларусьфільма» развітацца з мэтрам не прыйшло.

Беларусь развіталася з Ігарам Дабралюбавым. Знакаміты кінарэжысёр сышоў з жыцця 19 ліпеня. Яму было 76 гадоў. 22 ліпеня мэтра пахавалі на Усходніх могілках Менска. Грамадзянская паніхіда па рэжысёру Ігару Дабралюбаву праходзіла ў Доме кіно. За амаль паўстагоддзя працы ў кінематографе мэтр зняў каля двух дзясяткаў фільмаў. Сярод самых вядомых: «Іван Макаравіч», «Вуліца без канца», «Белыя Росы», «Плач перапёлкі» і шмат якія іншыя, перадае «Еўрарадыё».

Пачынаючы з 1962 года Дабралюбаў нязменна працаваў на кінастудыі «Беларусьфільм». Але ні дырэктара студыі Замяталіна, ні кагосьці іншага з ліку яе кіраўнікоў на паніхідзе не было. Затое быў намеснік міністра культуры Уладзімір Карачэўскі, які зачытаў ліст родным рэжысёра, падпісаны Аляксандрам Лукашэнкам. А ў гутарцы з Еўрарадыё прызнаўся, што ставіць фільмы беларускага майстра вышэй за амерыканскія баявікі.

Уладзімір Карачэўскі: «Фільмы, якія здымаў мэтр, прасякнутыя святлом, жыццём і радасцю. Такіх фільмаў зараз не так шмат. А хочацца, калі прыйдзеш пасля цяжкага працоўнага дня, уключыць тэлевізар і ўбачыць штосьці добрае, а не толькі баявікі і дэтэктывы. Хочацца ўбачыць народную камедыю, дзіцячае добрае кіно».

А акцёр Генадзь Гарбук з удзячнасцю узгадаў час сумеснай працы з Ігарам Дабралюбавым.

Генадзь Гарбук: «Усе, хто з табой працаваў, назаўжды запомняць тваю інтэлігентнасць, эрудыцыю, велізарны прафесіяналізм. І, безумоўна, нават не цёплае, а ласкавае стаўленне да ўсіх людзей у здымачнай групе».

Вельмі высока ацаніў творчасць рэжысёра кінакрытык Ігар Сукманаў.

Ігар Сукманаў: «Мы калі пераглядаем гэтыя фільмы з пункту гледжання гісторыі, дык адчуваем той дух 1960-1970-х гадоў. Асаблівы дух, асаблівы час, асаблівае праўдалюбства, асаблівае стаўленне да свету. Вельмі праўдзівае, вельмі дакладнае і, магчыма, у чымсьці ілюзорнае. Але — шчырае».

Між тым вядома, што ў апошнія гады рэжысёр не здымаў нічога новага. У яго былі праблемы з кіраўніцтвам «Беларусьфільма». «Еўрарадыё» пацікавілася ў намесніка міністра культуры, ці шанавала дзяржава пры жыцці таленавітага рэжысёра.

Уладзімір Карачэўскі: «Надавалася ўвага і яму, і яго творчасці. Маглі быць нейкія творчыя спрэчкі ці не ўсё атрымлівалася так, як хацелася майстру, але я лічу, што дзяржава падтрымлівала і паважала яго творчасць».

З гэтым катэгарычна не пагадзіўся даўні сябар Дабралюбава рэжысёр Юры Хашчавацкі.

Юры Хашчавацкі: «Яму не далі працаваць у канцы жыцця. Ён дваццаць гадоў маўчаў, нават больш. Гэта жудасна і гэта злачынства супраць беларускай культуры — тое, што Ігар Міхайлавіч не змог зрабіць тое, што ён хацеў, — зняць фільм па Быкаву».

Дабралюбаву, кажа Хашчавацкі, «замінала» бесклапотна жыць яго любоў да свабоды і нежаданне выконваць ідэалагічную замову. І менавіта створаныя знешнімі сіламі складанасці, лічыць ён, прывялі да ранняй смерці Дабралюбава.

З тым, што Ігар Міхайлавіч ніколі не было падлізнікам, згодны і рэжысёр Віктар Дашук.

Віктар Дашук: «Як сведка магу засведчыць, што ў гэтыя складаныя гады, калі шмат хто прыстасоўваўся, ён ніколі не здрадзіў самому сабе, ён заставаўся самім сабой. Ён не быў прыстасаванцам, не быў падлізнікам. Гэта азначае, што ў гэтага чалавека гена халуйства ў крыві не было».

Былы кіраўнік Беларусі Станіслаў Шушкевіч прызнаўся, што ведаў Ігара Дабралюбава больш за 50 гадоў. Калісьці, падчас вайсковых збораў, яны нават разам сядзелі на гаўпвахце. З таго часу яны сябравалі і, кажа Шушкевіч, ён вельмі паважаў Дабралюбава як чалавека. І ў ранняй смерці сябра палітык абвінавачвае «Беларусьфільм» і дзяржаўнае кіраўніцтва.

Станіслаў Шушкевіч: «Ідэалогія нашай дзяржавы не сумяшчальная з творчасцю сапраўднай. І таму яна абсалютна несумяшчальная была з Ігарам Дабралюбавым. Я думаю, што гэта адна з прычынаў, якая адносна рана загнала яго ў магілу. Яго гэтыя зрывы, няшчасці са здароўем наўпрост звязаныя з непрыстойнасцю нашых уладаў і непрыстойнасцю кіраўніцтва «Беларусьфільма».

Апошнія навіны