На прадпрыемствах уводзяць рэжым жорсткай эканоміі
- 5.07.2010, 10:45
Прадпрыемствы, якія не выканаюць даведзенае да іх заданне па эканоміі энергарэсурсаў, будуць плаціць за залішне выдаткаваную энергію па еўрапейскіх коштах.
Паводле рашэння ўрада, усім органам дзяржаўнага кіравання былі даведзеныя заданні на дадатковую эканомію ў 2010 годзе паліўна-энергетычных рэсурсаў у аб'ёме 245 тысячаў тон умоўнага паліва. Так, «Белэнерга» павінна забяспечыць эканомію 60 тысячаў тон умоўнага паліва, «Белнафтахім» – 85 тысячаў тон, Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі – 35 тысячаў тон, Міністэрства прамысловасці – 30 тысячаў тон, Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва – 10 тысячаў тон, Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання – 10 тысячаў тон, Міністэрства транспарту і камунікацыяў – 6 тысячаў тон, Беларускі вытворча-гандлёвы канцэрн лясной, дрэваапрацоўчай і цэлюлозна-папяровай прамысловасці – 5 тысячаў тон, Беларускі дзяржаўны канцэрн па вытворчасці і рэалізацыі тавараў лёгкай прамысловасці – 4 тысячы тон умоўнага паліва, паведамляе «Штодзённік».
У сваю чаргу, усе міністэрствы і ведамствы давялі паказчыкі да падпарадкаваных прадпрыемстваў. Праўда, да нядаўняга часу за невыкананне даведзеных паказчыкаў прадпрыемствы ніяк не пацярпелі. Напачатку года Саўмін пастанавіў, што тыя прадпрыемствы, якія не выконваюць паказчыкі эканоміі, будуць плаціць за ўсе энергарэсурсы па еўрапейскіх коштах. Аднак рашэнне выклікала буру абурэнняў з боку беларускага дырэктарата, з прычыны чаго рашэнне ўрада так і не было выкананае. Зараз сітуацыя зменіцца.
Паводле новага рашэння Саўміна, прадпрыемствы, якія не выканаюць даведзеныя да іх паказчыкі па эканоміі энергарэсурсаў, будуць плаціць па еўрапейскіх коштах не за ўвесь аб'ём спажытай энергіі, а толькі за той, які залішне выдаткавалі.
Ужо ў хуткім часе Міністэрства эканомікі, Міністэрства энергетыкі і Дзяржаўны камітэт па стандартызацыі павінны распрацаваць і зацвердзіць парадак вызначэння аб'ёмаў электрычнай энергіі і прыроднага газу, якія аплачваюцца з ужываннем падвышальных каэфіцыентаў. Пасля гэтага беларускія прадпрыемствы на сваёй скуры адчуюць, што заданні па эканоміі трэба выконваць.