Ціхану і Дзевятоўскаму пакуль не вярнулі медалі і стыпендыі
- 5.07.2010, 17:14
Алімпійцы чакаюць, пакуль НАК і Мінспорту аформяць неабходныя дакументы.
Беларускія кідальнікі молата Іван Ціхан і Вадзім Дзевятоўскі, спачатку пазбаўленыя медалёў Алімпіяды-2008, а затым апраўданыя спартовым арбітражным судом, усё яшчэ чакаюць вяртання сваіх узнагарод. Мінспорту і Нацыянальны алімпійскі камітэт пакуль займаюцца афармленнем неабходных папер, распавёў «Еўрарадыё» Вадзім Дзевятоўскі:
«Ідзе працэс па вяртанні. Наколькі я разумею, для гэтага проста трэба аформіць усе дакументы, каб яны адпавядалі сітуацыі, якая здарылася. Нам не сказалі «не». Паколькі рашэнне суда адмяняе рашэнне Міжнароднага алімпійскага камітэта, і ніякія правілы мы не парушалі, то ў адпаведнасці з гэтым афармляюцца дакументы. Мусіць, усё вырашыцца на працягу бліжэйшых 2 тыдняў».
Спартоўцы чакаюць, што ім вернуць самі медалі, грашовыя ўзнагароды за перамогу, а таксама прэзідэнцкія стыпендыі. А каб растлумачыць усім жадаючым нюансы судовага працэсу, а таксама ўсе дробязі, звязаныя з экспертызай на допінг, алімпійцы абяцаюць склікаць прэс-канферэнцыю.
Нагадаем, пасля Алімпіяды ў Пекіне Дзевятоўскі і Ціхан былі абвінавачаныя ва ўжыванні допінгу і пазбаўленыя срэбнага і бронзавага медалёў. Беларусы амаль два гады абскарджвалі гэтае рашэнне ў Спартыўным арбітражным судзе ў Лазане, змарнаваўшы паўмільёна даляраў. 10 чэрвеня атлеты былі апраўданыя.