BE RU EN

Беларускія чыноўнікі захапіліся веславаннем

  • 6.07.2010, 15:16

Былы міністр спорту і турызму Аляксандр Грыгараў узначаліў Беларускую федэрацыю веславання, якой кіраваў кіраўнік Нацбанка Пётр Пракаповіч.

Зрэшты, Пётр Пракаповіч не пакінуў гэты від спорту. Ён абраны старшынёй новай, створанай на мінулым тыдні асацыяцыі «Беларускі саюз вяслярных відаў спорту». Пад гэтай шыльдай цяпер аб'яднаныя Беларуская федэрацыя веславання і Беларуская асацыяцыя каноэ, якія па-ранейшаму будуць прадстаўляць Беларусь на міжнароднай арэне, паведамляе БелТА.

Дарэчы, замена рулявога адбылася і ў канаістаў - замест былога міністра гандлю Аляксандра Іванкова старшынёй Беларускай асацыяцыі каноэ стаў міністр прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Уладзімір Цалко.

Што тычыцца былога міністра спорту і турызму Аляксандра Грыгарава, які пакінуў гэтую пасаду год таму, то цяпер ён кіруе Вышэйшай школай трэнераў пры Беларускім дзяржаўным універсітэце фізічнай культуры. Акрамя таго, Аляксандр Грыгараў з'яўляецца яшчэ і старшынёй Беларускай федэрацыі аматарскага бокса.

«Як я стаў старшынёй федэрацыі веславання? Мне патэлефанаваў Пётр Пракаповіч, распавёў пра будучае стварэнне саюза вяслярных відаў спорту і папрасіў дапамагчы. Ведаю, што Пётр Пятровіч чалавек вельмі заняты, нагрузка ў яго вялікая, а я з сітуацыяй у акадэмічным веславанні знаёмы нядрэнна, дык чаму не дапамагчы? Следам за стварэннем Беларускага саюза вяслярных відаў спорту адбылася канферэнцыя Беларускай федэрацыі веславання, на якой мяне абралі яе кіраўніком. Што да маёй занятасці ў федэрацыі боксу, то гэта мне не перашкодзіць. Будучы міністрам, даводзілася курыраваць і ўнікаць у больш чым сотню відаў спорту», - адзначыў Аляксандр Грыгараў у гутарцы з карэспандэнтам БЕЛТА.

Па словах Аляксандра Грыгарава, зараз яго галоўныя клопаты звязаныя з паспяховым правядзеннем моладзевага (да 23 гадоў) чэмпіянату па акадэмічным веславанні, які пройдзе 18-26 ліпеня ў Брэсце.

Апошнія навіны