Прычыны смерці нямецкага пілота ўсталяваныя, але не агалошваюцца
- 11.08.2010, 13:10
Сваякам нямецкага пілота Гюнтэра Цымера, які разбіўся пад Менскам, выдадзена медыцынскае пасведчанне аб яго смерці.
Пра гэта паведамілі БелаПАН ва ўпраўленні па Менскай вобласці Дзяржаўнай службы медыцынскіх судовых экспертызаў.
З пасведчаннем азнаёмленыя прадстаўнікі Беларускай ваеннай пракуратуры і амбасады Германіі ў Менску.
Па словах суразмоўцы агенцтва, усё, што неабходна было зрабіць судмедэкспертамі ў інтарэсах расследавання на першапачатковым этапе, зроблена аператыўна. Пры гэтым экспертызы будуць працягнутыя, каб адказаць на ўсе пытанні, пастаўленыя следствам.
У выдадзеным сваякам дакуменце пазначаныя прычыны смерці Гюнтэра Цымера, аднак назваць іх суразмоўца агенцтва адмовіўся.
Такая ж пазіцыя і ў Беларускай ваеннай пракуратуры, дзе заявілі, што пакуль не скончыцца расследаванне, ніякай інфармацыі па справе аб катастрофе на аэрадроме Цэнтральнага аэраклуба ДТСААФ пададзена не будзе.