Сабраць дзіця ў школу? Мільёна будзе мала
- 11.08.2010, 14:14
Кошт аптымальнага школьнага набору, у які ўваходзіць як вопратка, так і пісьмовыя прылады, сёлета складае да 1 мільёна 150 тысячаў рублёў.
Пра гэта паведаміла начальніца ўпраўлення арганізацыі спажывецкага рынку нехарчовых тавараў Міністэрства гандлю Ніна Пашко 11 жніўня на прэс-канферэнцыі ў Менску, перадае БелаПАН.
Набор для вучня малодшых класаў каштуе ў межах 270—880 тысячаў рублёў, у тым ліку вопраткі і абутку — 197—550 тысячаў. Набыццё аптымальнага школьнага набору для старшакласніка абыйдзецца ў 280—1.150 тысячаў рублёў, у тым ліку абутку і вопраткі — 205—680 тысячаў.
У сваю чаргу начальнік упраўлення арганізацыі гандлю і маркетынгу канцэрна «Беллегпрам» Людміла Пархамовіч паведаміла, што вопратка дзелавога стылю для школьнікаў беларускай вытворчасці карыстаецца добрым попытам. Ніна Пашко дадала, што «калі летась асартымент вопраткі і абутку для школьнікаў глядзеўся бедна, дык зараз ён прывабны».