BE RU EN

Беларусь можа накрыць воблака радыёактыўнага попелу

  • 11.08.2010, 17:49

Радыёнукліды могуць патрапіць у паветра з-за пажараў у суседняй з Беларуссю Бранскай вобласці Расеі.

У Раслесабароне пацвердзілі дадзеныя пра пажары ў лясах, забруджаных радыёнуклідамі пасля аварыі на ЧАЭС. У Беларусі, дзе асноўны ачаг узгаранняў прыпадае на найбольш пацярпелую ад чарнобыльскай катастрофы Гомельскую вобласць, сцвярджаюць, што ніякага падвышэння ўзроўню радыяцыі не назіраецца.

Паводле дадзеных інфармацыйна-аналітычнага аддзела федэральнай дзяржустановы «Раслесабарона» з канца мінулага тыдня толькі ў Бранскай вобласці на радыёнуклідных землях было зафіксавана 28 пажараў на плошчы 269 га.

Усяго 3,9 тысячы га земляў, забруджаных радыёактыўнымі рэчывамі, ахопленыя з сярэдзіны чэрвеня агнём. Такія «радыёактыўныя» пажары зафіксаваныя ў Калужскай, Чалябінскай, Курганскай, Тульскай, Арлоўскай, Пензенскай абласцях, перадае «Інтэрфакс-Захад».

Нагадаем, што першапачаткова падобныя асцярогі выказалі абаронцы дзікай прыроды. У адказ на гэта кіраўнік Расспажыўнагляда Генадзь Анішчанка абверг гэтыя дадзеныя: «Не трэба сеяць паніку. Усё там спакойна». У МНС па Бранскай вобласці таксама заявілі, што на падкантрольнай ім тэрыторыі пажараў няма.

Начальнік упраўлення лясамі Бранскай вобласці Уладзімір Кацянкоў запэўніў таксама, што на дадзены момант у гэтых раёнах няма ўзгаранняў, і яго ведамства робіць усё магчымае, каб іх не дапусціць. «Сітуацыя складаная, але стабільная і кантраляваная. За ўвесь перыяд пажаранебяспечнага сезону на гэтых тэрыторыях адбыліся нязначныя ўзгаранні на плошчы 27,7 га, уключаючы 1,9 га ў Клінцоўскім раёне, якія былі своечасова лакалізаваныя і ліквідаваныя. Нічога страшнага не адбылося», - заявіў ён.

Па словах Кацянкова, пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС лясы сямі паўднёва-заходніх раёнаў Бранскай вобласці (Гардзееўскага, Злынкоўскага, Клімаўскага, Клінцоўскага, Чырванагорскага, Навазыбкаўскага і Старадубскага) ператварыліся ў зону высокай экалагічнай рызыкі, наступствы пажараў там «могуць быць блізкія да наступстваў самой чарнобыльскай катастрофы». Ён адзначыў, што пажарная небяспека заражаных лясоў узрастае з года ў год, бо ў іх забароненая ўсялякая дзейнасць.

«У выніку ў былых Злынкоўскім і Клінцоўскім вопытных лясгасах утварыліся цэлыя масівы «мёртвага» лесу з аб'ёмам сухастойнай драўніны 930 тысяч куб. метраў, якія штогод павялічваюцца на дзесяткі тысячаў кубаметраў», - патлумачыў Кацянкоў.

Паводле яго словаў, зараз распрацаваны пэўны рэгламент, які вызначае правілы паводзінаў у радыёактыўна заражаных лясах. Зараз гэтыя правілы знаходзяцца на зацвярджэнні ў Раслесгасе. На яго думку, прыняццё новага рэгламенту палепшыць сітуацыю.

Эколагі перасцерагаюць, што радыёнукліды, якія могуць патрапіць у паветра з-за пажараў у Бранскай вобласці, даляцяць да Наўгародскай вобласці, Масквы і, магчыма, Усходняй Еўропы, калі гэтаму будуць спрыяць умовы надвор'я. З такой заявай выступіў вядомы эколаг, чалец-карэспандэнт Расейскай акадэміі навук Аляксей Яблыкаў.

«У Беларусі ў 1992 годзе за 150 км ад Бранска гарэлі лясы, тады праз 5 гадзінаў за 800 км у Вільні было адзначанае падвышанае ўтрыманне чарнобыльскіх радыёнуклідаў. Тое, што радыёнукліды пераносяцца на адлегласці ў сотні кіламетраў, - гэта факт», - сказаў эколаг.

Аднак беларускія ўлады не бачаць пагрозы распаўсюджання на тэрыторыю рэспублікі лясных пажараў з Расеі і лічаць у прынцыпе немагчымай сітуацыю з масавымі пажарамі, якія дзейнічаюць у лясах і на тарфяніках.

«У Расеі прыкладна 80% лясных пажараў выяўляецца ў першы ж дзень, але калі б мы выяўлялі 80% дзеючых пажараў на першыя суткі, у нас згарэў бы ўвесь лясны фонд. Мы выяўляем пажары яшчэ на стадыі ўзгарання, вызначаем месца з высокай дакладнасцю і тушым іх у той жа дзень, часам ліквідацыя займае не больш за 2-3 гадзіны», - заявіў першы намеснік міністра лясной гаспадаркі Беларусі Мікалай Крук у аўторак на прэс-канферэнцыі ў Менску.

Са свайго боку начальнік упраўлення лясной гаспадаркі Мінлясгаса Валянцін Шатраўка паведаміў, што паблізу ад беларуска-расейскай мяжы з расейскага боку былі зафіксаваныя 2 лясныя пажары, на адлегласці 20 кіламетраў і 12 кіламетраў ад тэрыторыі рэспублікі. Зараз гэтыя пажары ліквідаваныя, пагрозы распаўсюду на тэрыторыю Беларусі няма, падкрэсліў ён.

Паводле дадзеных Мінлясгаса, на сённяшні дзень у Беларусі ў рэгіёнах, якія набліжаюцца да 5-га класа пажарнай небяспекі - гэта пераважна Гомельская вобласць, і ў рэгіёнах, якім прысвоены 3-ці клас такой небяспекі, вядзецца кругласуткавае назіранне. Таксама ў Беларусі ва ўсіх абласцях за выключэннем Гарадзенскага раёна Гарадзенскай вобласці абмежаванае наведванне лясоў. Акрамя таго, у рэспубліцы перакрытыя шлюзы на магістральных каналах, па якіх робіцца скіданне вады з тарфянікаў, наладжаная праца з МНС Беларусі.

Аднак наколькі небяспечныя «радыёактыўныя пажары» для мясцовага насельніцтва, і што трэба рабіць для таго, каб абараніцца ад радыёактыўнага попелу чыноўнікі замоўчалі.

Тым часам у Францыі ўжо пачалі вымяраць узровень радыяцыі ў паветры, бо асцерагаюцца, што радыёактыўныя часціцы могуць дабрацца і датуль, як у 1986 годзе, калі «чарнобыльскае воблака» дасягнула межаў гэтай краіны, піша InoPressa.

Па словах дэпутата Еўрапарламента Мішэль Рывазі, існуе «рэальная небяспека» радыёактыўнага заражэння, выкліканага ляснымі пажарамі ў Расеі. «Лясныя пажары прыводзяць да патраплення радыёактыўных часціцаў у паветра, бо яны ахопліваюць зоны, вельмі моцна заражаныя цэзіем-137, у тым ліку на расейска-ўкраінскай мяжы. Гэта паказвае, што наступствы чарнобыльскай катастрофы ўсё яшчэ даюць пра сябе ведаць. З таго часу у лясах былі створаны бункеры для радыёактыўных адыходаў, але радыёактыўнае заражэнне не знікла. За 30 гадоў толькі палова атамаў распадаецца», - сказала еўрадэпутат у інтэрв'ю газеце Le Point.

Апошнія навіны