Дэмакратычныя прафсаюзы патрабуюць спыніць парушэнні правоў працаўнікоў
- 12.08.2010, 13:43
Дэмакратычныя прафсаюзы абвінавацілі ўлады Салігорска ў наўмысным грубым парушэнні правоў працаўнікоў.
Старшыня Беларускага кангрэса дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандр Ярашук 11 жніўня звярнуўся да старшыні Салігорскага райвыканкама ў сувязі з паўторнай адмовай у рэгістрацыі першаснай арганізацыі Беларускага незалежнага прафсаюза (БНП) СТАА «Дэльта-Стыль».
«Адмовы па надуманых прычынах у рэгістрацыі арганізацыйнай структуры БНП мы расцэньваем як наўмыснае перашкаджэнне законнай дзейнасці прафсаюза, якое супярэчыць ратыфікаванай Рэспублікай Беларусь Канвенцыі Міжнароднай арганізацыі працы (МАП) 87 «Аб свабодзе асацыяцыі і абароне права на арганізацыю», Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, Закона Рэспублікі Беларусь «Аб прафесійных саюзах», што замацоўваюць асноўныя прынцыпы стварэння і дзейнасці прафсаюзных арганізацыяў», -- кажацца ў звароце.
Лідэр БКДП папярэдзіў старшыню Салігорскага райвыканкама А.Рымашэўскага, піша сайт www.bkdp.org, пра тое, што БКДП мае намер паінфармаваць Камітэт па свабодзе аб'яднання Міжнароднай арганізацыі працы (МАП) пра грубыя парушэнні правоў сябраў прафсаюза БНП.
Нагадаем, 6 жніўня Салігорскі райвыканкам паўторна адмовіў першаснай арганізацыі БНП у рэгістрацыі. Акцыя пратэсту, якую хацелі правесці актывісты, была таксама забароненая.