BE RU EN

Памёр былы кіраўнік падкамітэту ПАРЕ па СМІ Эндру Макінтош

  • 1.09.2010, 11:12

Эндру Макінтош вельмі шчыльна займаўся праблемамі свабоды слова ў Беларусі.

Менавіта пад старшынствам Эндру Макінтоша адбываліся знакавыя слуханні па Беларусі ў Страсбургу і прадстаўнічыя міжнародныя канферэнцыі на тэму свабоды беларускіх СМІ. Менавіта дзякуючы яго ініцыятыве ўвосень 2008 года групу беларускіх журналістаў - сяброў ГА «БАЖ» - запрасілі выступіць у Палаце лордаў брытанскага парламента. І гэта ён казаў, што свабодных выбараў у Беларусі не будзе, пакуль не будзе свабодных медыяў, паведамляе прэс-служба БАЖ.

«Гэта вельмі сумная навіна. У асобе Эндру Макінтоша свабодная прэса ўсёй Еўропы, у тым ліку і беларуская, страціла свайго сапраўднага і адданага сябра, - выказаўся з нагоды смерці Эндру Макінтоша намеснік старшыні ГА «БАЖ» Андрэй Аляксандраў. - Спадар Макінтош вельмі цікавіўся сітуацыяй у Беларусі. І ён быў надзвычай адукаваным, шчырым і прыемным у стасунках чалавекам. БАЖ смуткуе з нагоды яго сыходу і выказвае шчырыя спачуванні родным, блізкім і калегам спадара Макінтоша».

Эндру Роберт Макінтош (Andrew Robert McIntosh, Baron McIntosh of Haringey) нарадзіўся 30 красавіка 1933 года і памёр 27 жніўня 2010 года.

З 2003 па 2005 гады быў брытанскім міністрам па СМІ і культурнай спадчыне. З верасня 2005-га стаў сябрам Парламенцкай Асамблеі Рады Еўропы, дзе з 2008 года ўзначаліў падкамітэт па медыя Камітэту па культуры, навуцы і адукацыі, а са студзеня 2010 года - і сам Камітэт.

Апошнія навіны