Беларус абвінавачваецца пракуратурай Санкт-Пецярбурга ў кантрабандзе ўзбраення
- 2.09.2010, 10:58
Пракуратура Пецярбурга зацвердзіла абвінаваўчае заключэнне ў дачыненні групіроўкі, якая спрабавала вывезці з Расеі камплектуючыя да ЗРК «С-75» і «С-125».
Грамадзянін Беларусі і двое грамадзян РФ абвінавачваюцца ў кантрабандзе ўзбраення і ваеннай тэхнікі, перадае «Інтэрфакс-Захад».
14 траўня 2009 года ў дырэктара беларускага прыватнага гандлёвага прадпрыемства падчас дагляду на пункце мытнага афармлення і кантролю «Долосцы» Сябежскай мытні выявілі і канфіскавалі 20 кардонак, дзве драўляныя скрыні і мех з вырабамі ваенна-тэхнічнага прызначэння.
«Паводле высноваў комплекснай ваенна-тэхнічнай судовай экспертызы, знойдзеныя вырабы з'яўляюцца спецыяльнымі камплектуючымі да зенітных ракетных комплексаў «С-75» і «С-125», агульны кошт якіх склаў каля двух мільёнаў рублёў», - паведамляюць у пракуратуры.
У дачыненні да грамадзяніна Беларусі абраная мера стрымання ў выглядзе заключэння пад варту, грамадзяне Расеі знаходзяцца пад падпіскай аб нявыездзе.
Крымінальная справа накіраваная ў Сябежскі раённы суд Пскоўскай вобласці для разгляду па сутнасці.