BE RU EN

Heineken у Беларусі церпіць страты: яго «душаць» падаткамі

  • 2.09.2010, 11:14

Стратная дзейнасць беларускіх прадпрыемстваў Heineken звязаная з павелічэннем памераў падатковых выплат.

Пра гэта паведаміў БелаПАН генеральны мэнеджар Heineken у Беларусі Аляксей Чарняеў.

Галандскаму канцэрну Heineken у Беларусі належаць дзве піваварныя кампаніі - «Сябар» і «Речицапиво». У першым паўгоддзі страты кампаніі «Сябар» склалі 11,02 мільярда рублёў, «Речицапиво» - 1,16 мільярда рублёў. Такія дадзеныя былі прыведзены 10 жніўня на паседжанні прэзідыума Саўміна Беларусі.

«Узнятая з 1 студзеня 2010 года стаўка акцызнага падатку прывяла да павелічэння гэтага віду плацяжоў за першае паўгоддзе больш чым на 4,5 мільярда рублёў. Падатак на маёмасць, які ўзрос з траўня, павялічыў дадзены від выплат больш чым на 52 мільёна рублёў», - адзначыў Чарняеў.

Пры гэтым ён дадаў, што існуюць і іншыя прычыны, якія прывялі да дадатковых выдаткаў.

«Рост коштаў на газ і тарыфаў на электраэнергію прывёў да павелічэння выдаткаў амаль на 707 мільёнаў рублёў, і гэты рост працягваецца», - паведаміў генеральны мэнеджар Heineken.

Паводле яго словаў, тры вышэйпералічаныя артыкулы выдаткаў выклікалі рост грашовых стратаў кампаніі без малога на 5,5 мільярдаў рублёў.

Як адзначыў Чарняеў, чаканы памер стратаў беларускіх прадпрыемстваў канцэрна па выніках 2010 года «будзе супастаўны з велічынёй дадатковай падатковай нагрузкі».

Апошнія навіны