BE RU EN

Мезін названы лепшым варатаром тыдня ў КХЛ

  • 20.09.2010, 16:50

На мінулым тыдні Андрэй Мезін правёў тры сустрэчы на выездзе, і ва ўсіх яго каманда атрымала перамогі.

Камісія па вызначэнні лепшых хакеістаў чэмпіянату Кантынентальнай хакейнай лігі вызначыла лаўрэатаў другога гульнявога тыдня ў намінацыях «лепшы варатар», «лепшы абаронца», «лепшы нападаючы» і «лепшы пачатковец», перадае БелаПАН.

Лепшым варатаром прызнаны галкіпер менскага «Дынама» Андрэй Мезін. На мінулым тыдні Мезін правёў тры сустрэчы на выездзе, і ва ўсіх яго каманда атрымала перамогі. Галкіпер менчукоў прапускаў у сярэднім па 2 галы за матч і адбіў 91,7% кідкоў.

Лепшым абаронцам прызнаны Віталь Анікеенка з яраслаўскага «Лакаматыва», на рахунку якога ў трох матчах адзін гол і тры галявыя перадачы пры паказчыку карыснасці «плюс 3».

Лепшым нападаючым прызнаны форвард магнітагорскага «Металурга» Дзяніс Платонаў, які ў трох матчах забіў шэсць галоў пры паказчыку карыснасці «плюс 5».

Лепшым пачаткоўцам тыдня стаў абаронца «Віцязя» Яўген Яроменка, які ў двух матчах вызначыўся забітым голам і рэзультатыўнай перадачай, праводзячы на лёдзе ў сярэднім больш за 20 хвілін за гульню.

Апошнія навіны