BE RU EN

Менскае «Дынама» разгромна саступіла «Нафтахіміку»

  • 24.09.2010, 9:01

Бяспройгрышная серыя хакеістаў менскага «Дынама», якая дасягнула пяці матчаў, была перапыненая 23 верасня ніжнекамскім «Нафтахімікам».

Каманда Марэка Сікоры саступіла на сваёй пляцоўцы з лікам 1:6 (0:2, 1:3, 0:1), паведамляе БелаПАН.

Госці тройчы адрозніліся ў большасці, рэалізавалі буліт, а гаспадары ў сярэдзіне другога і ў сярэдзіне трэцяга перыядаў амаль па дзве хвіліны гулялі ў большасці пяць на тры, але закінуць не змаглі. Акрамя таго, на лёд упершыню выйшаў галкіпер «Дынама» Міка Окса, які змяніў перад пачаткам другога перыяду Андрэя Мезіна.

Шайбы закінулі:

у гаспадароў — Дзмітры Мялешка (31.55, пас — Андрэй Стась);

у гасцей — Б'ёрн Мелін (13.36, у большасці, асістэнты — Марцен Сэн-П'ер, Дэніэль Фернхольм), Дзмітры Макараў (17.51, пас — Максім Пястушка), Максім Якуценя (25.02, асістэнты — Марцен Сэн-П'ер, Б'ёрн Мелін), Андрэй Іваноў (25.25, у большасці), Рэнат Мамашаў (28.53, у большасці, асістэнты — Андрэй Іваноў, Аляксей Сімакоў), Аляксей Сімакоў (46.42, буліт).

Штрафны час: 12 — 12 (Антонаў, 12.08, Стась, 22.00, 42.16, Петрашэк, 26.10, Варламаў, 27.48, Неміроўскі, 58.10 — Буллін, 14.08, 48.02, Мелін, 32.35, Макараў, 32.46, Палыгалаў, 49.00, Сэн-П'ер, 50.06).

На гульні прысутнічала 11 929 гледачоў.

Пасля 7 матчаў «Дынама» з 14 баламі па-ранейшаму лідыруе ў чэмпіянаце КХЛ, атрымаўшы 4 перамогі ў асноўны час, 1 у авертайме і пацярпеўшы 2 паразы ў асноўны час, закінуўшы 23 і прапусціўшы 19 шайбаў.

Наступны матч «Дынама» правядзе дома 25 верасня супраць екацерынбургскага «Аўтамабіліста».

Апошнія навіны