Грэчка знікла, але хутка вернецца па Br8000 за кілаграм
- 7.09.2010, 9:37
У буйных крамах Менска больш не прадаюць грэчку.
«Грэчка скончылася ў суботу», - паведаміла interfax.by таваразнаўца дыскаўнтара «На недельку». Яшчэ ў выходныя былі распрададзеныя рэшткі гэтых крупаў. Ажыятаж вакол грэчкі ў Расеі адбіўся на беларусах. Калі дзе-нідзе ў Менску гэтыя крупы яшчэ прадаюцца, то ўжо па Br4500 - 5000.
«Пайшла ў краму ў выходныя. Гляджу - грэчка па Br4500 на прылаўку. Дорага. Усе бяруць, мала засталося. Дай, думаю, і я вазьму», - падзялілася ўражаннямі ад паходу ў краму супрацоўніца Марына. Многія пакупнікі паддаліся ўсеагульнаму ажыятажу, асабліва пасля інфармацыі пра дэфіцыт грэчкі ў Расеі. Так ужо ў нас, славянаў, заведзена: калі які-небудзь тавар знікае з прылаўкаў, значыць, варта хутчэй хапаць усё, што засталося, на будучыню (нават калі ў гэтым няма вострай неабходнасці). Запасы грэчкі мінулага ўраджаю ўжо згрэблі з прылаўкаў. Застаецца чакаць новых паставак.
У крамах на пытанне пра наяўнасць грэчкі толькі енчаць. «У нас грэчку ўжо ўсю разабралі. У пастаўшчыкоў яе таксама няма, - распавялі ў гіпермаркеце «Гиппо». - Абяцаюць паставіць грэчку да канца верасня».
Найбуйнейшыя пастаўшчыкі грэчкі пацвердзілі, што назіраецца неверагодны попыт на гэты тавар, што дазволіла вытворцам істотна падвысіць кошт. Кампаніі-пастаўшчыкі зараз спрабуюць заключыць дамовы на пастаўкі грэчкі з Расеі і Украіны.
У фірме «Ракан» чакаюць два-тры вагоны грэчкі з Расеі на наступным тыдні. Спецыялісты кампаніі адзначаюць, што яна будзе даражэйшай, а пастаўляльныя аб'ёмы не пакрыюць патрэбы ўсіх кліентаў. Таму закупкі будуць працягвацца.
У ТДА «Светлара» таксама плануюць закупіць грэчку ў невялікім аб'ёме. «Мы чакаем грэчку з Украіны праз тыдзень, можа, крыху раней. Зараз вядзем перамовы і заключаем дамову. Грэчка да нас едзе дарагая - па Br5000 за кілаграм. Гэта значыць, што ў крамах з нацэнкай яна будзе прадавацца па Br7000 - 8000», - падзялілася начальнік гандлёвага аддзела кампаніі «Светлара» Таццяна Лявар.