Кіраўнік Калмыкіі не хоча ісці на пяты тэрмін
- 7.09.2010, 10:10
Кірсан Ілюмжынаў заявіў, што ў бліжэйшы час пакіне свой пост.
«24 кастрычніка мінае мой чацвёрты тэрмін знаходжання на пасадзе прэзідэнта Калмыкіі, і я не лічу магчымым ісці на пяты тэрмін», - заявіў палітык у панядзелак, 6 верасня, у тэлефонным інтэрв'ю «Інтэрфаксу», перадае Lenta.ru.
Ён таксама паведаміў, што падтрымае ў якасці свайго пераемніка любога чалавека, прапанаванага «Адзінай Расеяй», сябрам якой ён сам з'яўляецца.
Гаворачы пра прычыны, у сувязі з якімі ён не хоча больш змагацца за пасаду кіраўніка Калмыкіі, Ілюмжынаў заявіў, што падтрымлівае «палітыку прэзідэнта Расеі, накіраваную на абнаўленне кіраўнікоў рэгіёнаў».
Між тым, 6 верасня прайшлі першыя кансультацыі па пытанні вылучэння кандыдатаў на пасаду кіраўніка Калмыкіі. Як паведамляецца на сайце «Адзінай Расеі», у ёй прынялі ўдзел прадстаўнікі партыі і першы намеснік кіраўніка адміністрацыі прэзідэнта РФ Уладзіслаў Суркоў.
У паведамленні «АР» не называюцца прозвішчы магчымых кандыдатаў.
Перад пачаткам кансультацый кіраўнік выканкама «Адзінай Расеі» Андрэй Вараб'ёў распавёў газеце «Коммерсант», што яны працягнуцца да 8 верасня.