Тэрміновыя дэбаты па Беларусі пройдуць у ПАРЕ 27 студзеня
- 24.01.2011, 11:58
27 студзеня на сесіі Парламенцкай асамблеі Рады Еўропы (ПАРЕ) пройдуць дэбаты па сітуацыі ў Беларусі пасля прэзідэнцкіх выбараў. Рашэнне аб правядзенні дэбатаў прынята 24 студзеня бюро ПАРЕ.
Паведамляе БелаПАН са спасылкай на прэс-службу ПАРЕ.
Прашэнне аб правядзенні тэрміновых дэбатаў па сітуацыі ў Беларусі падала 13 студзеня старшыня ліберальнай групы дэпутатаў ПАРЕ Ан Брасер. Плануецца, што падчас дэбатаў выступіць дакладчык ПАРЕ па Беларусі фінскі дэпутат Сініка Хурскайнэн. Па выніках дэбатаў чакаецца прыняцце рэзалюцыі.
Нагадаем, у 1993 годзе беларускі парламент атрымаў статус спецыяльнага запрошанага ў ПАРЕ, але ў лістападзе 1996-га пазбавіўся яго пасля незаконнага рэферэндуму.
У чэрвені 2009 года на сэсіі ПАРЕ было прынятае рашэнне вярнуць статус спецыяльнага запрошанага беларускаму "парламэнту" ў выпадку, калі Беларусь увядзе мараторый на смяротнае пакаранне. Аднак у красавіку 2010 года ПАРЕ прыпыніла кантакты з Беларуссю на высокім узроўні ў сувязі з недастатковым прагрэсам краіны ў галіне адпаведнасці стандартам Рады Еўропы. Падставай для такога рашэння стала прывядзенне ў выкананне ў Беларусі двух смяротных прысудаў, у той час як скаргі гэтых асуджаных разглядаліся ў Камітэце ААН па правах чалавека.