Коля Лукашэнка і Данік Саннікаў
- 24.01.2011, 17:19
Аляксандр Лукашэнка любіць паказвацца "на людзях" са сваім малодшым сынам Колем.
Выстаўленая на паказ бацькаўская любоў павінная, на думку Аляксандра Рыгоравіча, расчуліць грамадства. Паказаць яго самым "чалавечным чалавекам". Выклікаць сімпатыю. А паколькі Аляксандр Лукашэнка з тэлевізара не вылазіць, то за кароткі перыяд часу 6-гадовы Коля стаў самым вядомым хлопчыкам у краіне, піша ў сваім блогу журналіст Анджэй Пачобут.
Вось толькі рэагуюць на маленькага Колю па-рознаму. Справа ў тым, што тату Колі не любяць. Яго баяцца. Лічаць "меншым злом". Да яго падлізваюцца. Яго усхваляюць. Яго ціха ненавідзяць. Адкрыта грэбуюць. Але не любяць.
У 1994 годзе калі ён стаў першым прэзідэнтам Беларусі яго любілі, яму верылі. У 1996 годзе калі разганяў парламент і перакройващ пад сябе Канстытуцыю стаўшы першым дыктатарам - таксама. Нават у 2001, калі ішоў на другі тэрмин ... А потым усё. Ён як актор папросту надакучыў, сцерся, абрыднуў, разгубіў народную любоў.
І ніякі маленькі хлопчык тут не дапаможа.
Пасля 19 снежня ў Беларусі з'явіўся яшчэ адзін вядомы малы. Гэта 3-гадовы Данік Саннікаў.
19 снежня я бачыў як Данік усміхаючыся ішоў з мамай і татам галасаваць на выбарчы ўчастак. Малечы быў цікавы натоўп журналістаў, фотавыбліскі і тэлекамеры. Ён разам з татам кінуў бюлетэнь у скрыню ... Прайшло зусім няшмат часу і тата Колі забраў тату і маму Даніка ў турму КДБ. Данік пра гэта не ведае. Яму сказалі мама і тата з'ехалі. З'ехалі далёка, туды дзе няма тэлефонаў.
І гэты 3-гадовы малы, у якога усёмагутны дыктатар нібы казачны злыдзень забраў тату і маму - гэта самы суровы прысуд Лукашэнку. І ўжо сёння, пакуль праўда за вочы, над Колем Лукашэнкам жорстка смяюцца, а Даньку Саннікаву шчыра спачуваюць.
Аднак нават не гэта галоўнае.
Данік жа раней ці пазней даведаецца, што менавіта гэты лысы і вусаты дзядзька з тэлевізара трымае ягоных тату і маму ў турме. І як ён будзе глядзець на маленькага хлопчыка, які ўвівается побач з дыктатарам? А Даніку з Колем жыць у адной краіне. У іх усё жыццё наперадзе. І бо такіх як Данік ужо набярэцца не мала.
- У дзецях прадоўжацца нашыя лёсы, - спяваў на падобную тэму бард Сяржук Сокалаў-Воюш.
Праз гады Коля Лукашэнка будзе тварам у твар сутыкацца з тымі, чыіх бацькоў пераследваў Лукашэнка. Беларусь маленькая краіна і гэтага не пазбегнуць. Ці падумаў аб гэтым Аляксандр Лукашэнка, пачынаючы усебеларускую чыстку?