RFI: «Беларусь - гэта ў Еўропе»
- 24.01.2011, 19:55
Рускае вяшчанне «Міжнароднага Французскага Радыё» пачало спецыяльныя перадачы аб становішчы ў Беларусі.
Руская праграма «Міжнароднага Французскага Радыё» («Radio France internationale» - RFI) пачала спецыяльныя праграмы аб становішчы ў Беларусі пад назвай «Беларусь - гэта ў Еўропе», перадае CNews.
Вяшчанне «Беларусь - гэта ў Еўропе» перадаецца, па папярэдніх дадзеных, толькі па панядзелках з працягласцю ў 20 хвілін у межах рускай праграмы. Праграма ўключае ў сябе рэпартажы і агляды на беларускую тэматыку, з шырокім асвятленнем дзейнасці апазіцыі і рэзкай крытыкай уладаў.
Адзначым, што многія гады «Міжнароднае Французскае Радыё» пазбягала занадта шчыльнага ўключэння ў асвятленне тэматыкі на тэрыторыі былога СССР, дзякуючы чаму было адной з нямногіх праграм заходніх краін на расейскай мове, якая ніколі не падвяргалася глушэнню савецкімі ўладамі.
Руская праграма RFI транслюецца дзве гадзіны на суткі трыма блокамі на кароткіх хвалях, праз спадарожнік Asrta 19.2°E і сайт www.rfi.fr.
«Міжнароднае Французскае Радыё» з'яўляецца адной з найстарэйшых замежных станцый на расейскай мове. Першыя перадачы па-расейску дзяржаўнае радыё «Paris Mondial» (з 1939 г. вядомае як Radio Paris) пачало ў 1937 г. Пасля заканчэння Другой сусветнай вайны і заканчэння акупацыі Францыі праграмы для замежжа з гэтай краіны аднавіліся пад эгідай грамадскага вяшчання RTF, а затым ORTF. У 1975 г. была створаная асобная структура - RFI. З 2008 г. французскае радыёвяшчанне для замежжа ўвайшло ў новы холдынг вонкавага вяшчання Францыі - «Audiovisuel exterieur de la France» (AEF), які ўключае ў сябе таксама некалькі французскіх дзяржаўных спадарожнікавых тэлеканалаў для замежнай аўдыторыі.