BE RU EN

Леанід Гуляка крытыкуе БПЦ

  • 26.01.2011, 16:24

Упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Леанід Гуляка ў сваім выступе на пасяджэнні калегіі апарата ўпаўнаважанага, якое адбылося 26 студзеня ў Менску, звярнуў увагу на парушэнні заканадаўства з боку Беларускай праваслаўнай царквы.

Па ягоных словах, БПЦ, якая аб'ядноўвае 1.545 з 2.162 рэлігійных суполак краіны, з'яўляецца "асноўным партнёрам дзяржавы ў вырашэнні пытанняў сацыяльнай сферы", піша БелаПАН.

Шматлікія мерапрыемствы па рэалізацыі пагаднення аб супрацоўніцтве паміж дзяржавай і Беларускай праваслаўнай царквой праходзяць ва ўсіх абласцях і сталіцы, сказаў упаўнаважаны.

Разам з тым ён заявіў аб неабходнасці строгага выканання заканадаўства пры ажыццяўленні сумесных праектаў. Гуляка выказаў шкадаванне, што нярэдка мясцовыя ўлады "заплюшчваюць вочы на неправавыя дзеянні рэлігійных арганізацый". Для іх заканадаўства устанаўлівае выразныя патрабаванні, абавязковыя для выканання ўсімі суб'ектамі праваадносінаў, падкрэсліў упаўнаважаны.

Па ягоных словах, захоўваецца праблема самавольнага будаўніцтва культавых будынкаў арганізацыямі праваслаўнай царквы без афармлення праектна-каштарыснай дакументацыі і без афіцыйнага адводу зямлі. "Няхай гэта і адзінкавыя выпадкі, аднак яны ёсць", - сказаў Гуляка. Актуальнай для праваслаўнай царквы застаецца праблема доўгабуда. Пры гэтым мясцовыя ўлады "не заўсёды" праводзяць тлумачальную працу з рэлігійнымі арганізацыямі па вырашэнні гэтай праблемы, нярэдка вылучаюць зямлю для будаўніцтва новых культавых будынкаў пры наяўнасці ў дадзеным населеным пункце аб'ектаў доўгабуда, падкрэсліў упаўнаважаны. Такімі дзеяннямі мясцовыя ўлады "пагаршаюць праблему доўгабуда, якая пасля часта становіцца дзяржаўнай праблемай".

Апошнія навіны