Віктар Івашкевіч падае ў суд на БТ
- 12.10.2011, 13:57
Падставай для звароту ў суд стаў сюжэт, прысвечаны Народнаму сходу.
Сюжэт быў паказаны 9 кастрычніка ў эфіры Беларускага тэлебачання ў праграме «У цэнтры ўвагі».
У сюжэце сцвярджалася, што на падрыхтоўку і правядзенне Народнага сходу Віктар Івашкевіч нібыта прасіў грант у памеры 340 тысяч даляраў. Заяўку на атрыманне грошай Івашкевіч быццам бы накіраваў на імя дырэктара Нямецкага фонду Маршала Ёрга Форбрыга.
Сам Івашкевіч у інтэрв'ю «Народнай волі» назваў гэтую інфармацыю лухтой.
- Заяўкі на 340 тысяч даляраў не было ў прыродзе. Гэта поўная лухта. Па БТ маглі сказаць што заўгодна, назваць нейкія астранамічныя сумы, як гэта рабілася пасля прэзідэнцкіх выбараў. Падобныя сюжэты - спроба дыскрэдытаваць. Паказаць, што ўсё, што супраць улады, робіцца за грошы, нехта іх бярэ, іншым не дае... Да гэтага нельга ставіцца сур'ёзна.
Івашкевіч сказаў, што пасля кансультацыі з юрыстамі будзе падаваць у суд на Белтэлерадыёкампанію.