BE RU EN

Рэзалюцыі Народнага сходу перададзеныя ўраду

  • 12.10.2011, 15:47

«Народны сход - гэта толькі пачатак», - заяўляюць арганізатары акцыі.

Як паведаміў журналістам сустаршыня аргкамітэта Народнага сходу Віктар Івашкевіч, рэзалюцыя з патрабаваннямі ўдзельнікаў Народнага сходу 12 кастрычніка перададзеная ў Савет міністраў.

У прыёмнай Дома ўрада арганізатараў сходу прыняў начальнік аддзела лістоў і прыёму грамадзянаўСавета міністраў Аляксандр Коўшар. Па ягоных словах, адказ павінен паступіць на працягу месяца, піша БелаПАН.

Ва ўрад перададзеныя рэзалюцыі, прынятыя ўдзельнікамі народных сходаў у Менску, Полацку, Наваполацку, Бабруйску, Гомелі, Вілейцы, Воршы, Баранавічах, Віцебску, Магілёве і Жлобіне.

Нагадаем, удзельнікі сходаў, якія прайшлі ў Беларусі 8 кастрычніка, вылучылі уладам наступныя патрабаванні:

- Спыніць рост коштаў на прадукты харчавання, тавары першай неабходнасці, паслугі і медыкаменты;

- Індэксаваць заробкі, пенсіі, стыпендыі і адрасную сацыяльную дапамогу ў адпаведнасці з ростам коштаў, а рублёвыя ўклады насельніцтва - у адпаведнасці з курсам беларускага рубля на 1 студзеня 2011 года;

- Забяспечыць грамадзянам магчымасць вольна набываць валюту і вяртаць крэдыты ў беларускіх рублях;

- Адмяніць сістэму кароткачасовых абавязковых кантрактаў;

- Стымуляваць гаспадарчую ініцыятыву і даць магчымасць прадпрымальнікам ствараць новыя працоўныя месцы;

- Вызваліць усіх палітвязняў і аднавіць іх ва ўсіх грамадзянскіх правах;

- Правесці новыя свабодныя выбары прэзідэнта і парламента.

Як паведаміў журналістам Івашкевіч, ў народных сходах па ўсёй краіне прынялі ўдзел каля дзвюх-трох тысяч чалавек. «Аднак я ўпэўнены, што патрабаванні, якія зафіксаваныя ў рэзалюцыі, падтрымліваюць 80% насельніцтва. На жаль, не ўсе гэтыя людзі змаглі публічна пра іх заявіць», - сказаў палітык. Ён выказаў надзею на тое, што «ў наступны раз людзі будуць больш актыўна змагацца за свае правы».

Івашкевіч лічыць, што ўлады наўрад ці «адразу стануць выконваць патрабаванні рэзалюцыі». «Улады стануць прыслухоўвацца да меркавання людзей, калі яны скалануць Дом урада. Народны сход - гэта толькі пачатак», - заявіў палітык.

Як паведамлялася раней, наступны Народны сход павінен прайсці 12 лістапада. На ім плануецца абмеркаваць рэакцыю ўладаў на патрабаванні, выстаўленыя ўдзельнікамі першага сходу.

Апошнія навіны