Атрошчанкаў: У КДБ адкрыта казалі, што будуць абменьваць нас на заходнія крэдыты
- 12.10.2011, 16:26
Еўразвяз не павінен уступаць у дыялог з рэжымам Лукашэнкі да тых часоў, пакуль у Беларусі не пачнуцца рэформы.
Вядомы беларускі актывіст Аляксандр Атрошчанкаў падчас прэзідэнцкіх выбараў 2010 года быў прэс-сакратаром кандыдата ў прэзідэнты, лідэра грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Андрэя Саннікава.
На наступны дзень пасля масавых пратэстаў на Кастрычніцкай плошчы ў Менску Атрошчанкаў быў арыштаваны і тры з паловай месяцы знаходзіўся ў менскай турме КДБ. Аляксандр Атрошчанкаў быў асуджаны на чатыры гады пазбаўлення волі і адпраўлены ў калонію ўзмоцненага рэжыму «Віцьба-3».
Міжнародная праваабарончая арганізацыя Amnesty International прызнала Атрошчанкава «вязнем сумлення». Актывіст выйшаў на волю 14 верасня на падставе ўказу кіраўніка дзяржавы аб памілаванні. У інтэрв'ю Deutsche Welle Атрошчанкаў распавёў аб сваім знаходжанні ў месцах пазбаўлення волі і заклікаў еўрапейскіх палітыкаў не прадастаўляць крэдыты беларускім уладам да таго часу, пакуль у краіне не пачнуцца дэмакратычныя пераўтварэнні.
- Аляксандр, 8 кастрычніка ў Менску праходзіў «Народны сход», на якім вас не было. Чаму?
- Мяне хоць і выпусцілі з калоніі, але я не з'яўляюся вольным чалавекам. Я сур'ёзна абмежаваны ў правах. Я павінен апавяшчаць міліцыю аб змене месца жыхарства, а ў выпадку трох адміністрацыйных затрыманняў на працягу аднаго года мяне могуць перавесці пад больш жорсткі нагляд. Гэта можа скончыцца новым тэрмінам.
Тым не менш, я працягваю займацца грамадска-палітычнай дзейнасцю, наколькі гэта магчыма. Я па-ранейшаму з'яўляюся прэс-сакратаром Андрэя Саннікава і грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» і прыкладаю ўсе намаганні для таго, каб апошнія палітвязні вышлі на волю.
- Вы памятаеце той дзень, калі вас выпусцілі з калоніі?
- Не магу сказаць, што я адразу глынуў паветра свабоды. Вядома, я быў шчаслівы сустрэць тых, хто за мяне змагаўся і перажываў. Але мае сябры і калегі дагэтуль знаходзяцца ў турме. Умовы ўтрымання там пагражаюць жыццю і здароўю.
- У якіх умовах вы знаходзіліся пад вартай?
- Самымі цяжкімі былі першыя тры з паловай месяцы, калі я знаходзіўся ў СІЗА КДБ. Тое, як там ставяцца да арыштаваных, праваабаронцы называюць катаваннямі. Я згодны з гэтым. Некалькі гадзінаў аператыўныя супрацоўнікі імітавалі ператрусы. Нас прымушалі стаяць у халодным памяшканні па 40-50 хвілін на каленях. Нас білі па нагах, штурхалі ў спіну, здзяйснялі вельмі моцны маральны і псіхалагічны ціск.
Ад мяне не хавалі, што ад мяне патрабуецца дача ілжывых паказанняў на апазіцыйных кандыдатаў у прэзідэнты. Тое, што адбывалася на плошчы 19 снежня, іх не цікавіла. Казалі, што мяне пасадзілі за тое, што я адмовіўся даваць паказанні супраць Саннікава.
- Якія метады ціску выкарыстаў КДБ у вашым выпадку?
- Некаторым палітыкам і актывістам, якіх адпусцілі на волю да канца 2010 года, пагражалі, ажно да забойства блізкіх сваякоў. Таму я не бяруся нікога судзіць. Гэтых людзей альбо зламалі, альбо ўзялі пад кантроль. Ім прапаноўвалі супрацоўніцтва з КДБ. Пагражаючы арыштам бацькі і жонкі, мне прапаноўвалі стаць інфарматарам ці нават агентам КДБ. Абяцалі «правесці» ў парламент. У такія моманты я проста адключаў мозг і адмаўляўся размаўляць.
- Тое, што вы перажылі за гэты час, вас неяк змяніла?
- Я стаў трохі больш жорсткім і крыху менш шчырым. Самым складаным было падарожнічаць у часе: з 21 стагоддзя ў 30-я гады 20 стагоддзя. Калі праходзіш праз усё гэта, ты разумееш, што ні КДБ, ні людзі, якія там працуюць, па сутнасці, не змяніліся.
Мне адкрыта казалі, што мэта КДБ - абараняць рэжым Лукашэнкі. Ад нас не хавалі, што мы ўсе - закладнікі, што нас будуць выпускаць у абмен на заходнія крэдыты і інвестыцыі. Яны нават ўжывалі такі тэрмін, як гандаль людзьмі.
- Як вы думаеце, чаму вас памілавалі?
- Вельмі складана казаць аб логіцы там, дзе яе няма. Цалкам верагодна, што нас выкарыстоўвалі ў мэтах рэкламнай акцыі, каб стварыць ілюзію таго, што ўлады паляпшаюць сітуацыю з палітвязнямі.
- Вам што-небудзь вядома пра самаадчуванне Андрэя Саннікава, Мікалая Статкевіча і Зміцера Дашкевіча?
- Вядома, што Саннікаў знаходзіцца ў Бабруйскай калоніі. Па словах адваката, псіхалагічны стан Саннікава пакідае жадаць лепшага, ён нават не гатовы пісаць лісты родным. Пра Статкевіча практычна нічога невядома. Па словах адміністрацыі калоніі, ён адмаўляецца пісаць лісты сваім сваякам і тэлефанаваць ім.
Ад Дашкевіча лісты прыходзяць, але ад гэтага, на жаль, лягчэй не становіцца. Мяркуючы па лістах, ён на мяжы жыцця і смерці. Я яго ведаю. Гэта чалавек вельмі моцны і ўпарты, але ад таго, што я прачытаў у лістах, мне стала не па сабе. Ён піша пра тое, што дзевяць месяцаў, якія ён правёў у турме, можна параўнаць з дзевяццю гадамі катаргі, што ён не ведае, як будзе жыць пасля таго, як усё гэта перажыў.
- Як, на вашую думку, павінен паводзіць сябе ЕЗ у дачыненні да рэжыму Лукашэнкі?
- Лукашэнка цяпер знаходзіцца ў няпростай сітуацыі, і глупства ісці яму на саступкі. 7 кастрычніка ён у чарговы раз заявіў, што не ідзе гаворкі аб вызваленні апошніх палітвязняў, і тым больш аб нашай рэабілітацыі.
Многія памыляюцца, думаючы, што, даючы крэдыты Беларусі, яны дапамагаюць нашаму народу. Гэтыя грошы ідуць на падтрымку спецслужбаў, узмацненне ціску і рэпрэсіі, на падтрымку велізарнага бюракратычнага апарата, на заробкі тым людзям, якія цяпер катуюць Саннікава, Статкевіча, Дашкевіча. Кожны раз, калі еўрапейскія ўлады пачынаюць весці дыялог з рэжымам у Менску, становішча палітвязняў пагаршаецца. Згодна з логікай Лукашэнкі, дыялог і кампраміс - доля слабога.
- Вы лічыце, што Германія павінная ў больш жорсткай форме патрабаваць ад беларускіх уладаў вызвалення палітвязняў і правядзення рэформаў?
- Безумоўна. Існуе некалькі фактараў: поўнае банкруцтва ўлады, яе негатовасць адольваць эканамічныя выклікі, растучая незадаволенасць беларускага народу. Зараз не хапае прынцыповай пазіцыі Захаду для таго, каб у Беларусі адбыліся бязбольныя і пазітыўныя змены.
На Лукашэнку зараз здзяйсняецца вельмі моцны ціск. Але кожны раз, калі ён трапляе ў складаную сітуацыю, з-за мяжы пад'язджае вялікі кран, які пачынае выцягваць яго з балота. Таму я хацеў бы звярнуцца да еўрапейскіх палітыкаў, якія прымаюць рашэнні: давайце на гэты раз не будзем яму дапамагаць.
Я не думаю, што еўрапейцы вераць у тое, што Лукашэнка калі-небудзь выплаціць гэтыя даўгі. Іх будзе выплачваць наступнае пакаленне беларусаў. Цяпер Захад грашыма сваіх падаткаплацельшчыкаў і грашыма нашых нашчадкаў аплачвае знаходжанне Лукашэнкі ва ўладзе. Гэтаму трэба пакласці канец.
Фота: «Радыё Свабода»