Мёртвы Кадафі па-ранейшаму доктар БДУІР
- 2.11.2011, 13:44
Пытанне аб скасаванні звання ў Беларусі нават не паднімалася.
Муамар Кадафі па-ранейшаму з'яўляецца ганаровым доктарам БДУІР. Пра гэта «Еўрарадыё» распавёў рэктар універсітэта Міхаіл Батура.
Пасля смерці лівійскі лідэр нечакана знік са спісу ганаровых дактароў на сайце Беларускага дзяржаўнага універсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі. Але па словах рэктара, ягонае фота проста прыбралі. Прычыну ён тлумачыць не стаў, але нагадаў, дзякуючы чаму Кадафі атрымаў такое званне.
«Мы за апошнія 5 гадоў для іх вялікую колькасць падрыхтавалі аспірантаў, магістрантаў. Шмат спецыялістаў па іхняй дзяржаўнай замове выпусцілі. Такая інтэнсіўная была праца. Мы ведаем, што ў гэтым была ягоная асабістая падтрымка. Таму было прынятае такое рашэнне (зрабіць Кадафі ганаровым доктарам - «Еўрарадыё»). А цяпер будзем думаць», - сказаў Батура.
Дарэчы, студэнты з Лівіі па-ранейшаму будуць навучацца ў БДУІР. Па крайняй меры, да канца бягучага навучальнага года. Апынулася, што грошы за іхняе навучанне Лівія выплаціла на год наперад, загадзя, яшчэ да таго як лівійскія паўстанцы захапілі краіну, а амбасада ў Менску змяніла сцяг.
«Яны паступілі вельмі прадбачліва і на карысць навучэнцам, - распавядае рэктар універсітэта Міхаіл Батура. - У чэрвені лівійская амбасада ў Беларусі запытала ў нас інфармацыю аб кошце навучання гэтых маладых людзей з Лівіі. Яны пералічылі грошы загадзя, хаця па кантракце павінныя былі першую палову аплаціць да 1 кастрычніка, а другую да 1 сакавіка».
У цяперашні час у БДУІР навучаецца каля 18 лівійцаў, гэта магістранты і аспіранты. Новыя студэнты ўжо не паступалі.
За кожнага магістранта Лівія плаціла ад 2 да 3 тысяч даляраў на год, за аспіранта - ад 3 да 5 тысяч. Міхаіл Батура кажа, што гэта выгадна, хоць не асабліва рэнтабельна. Пакуль што пытанне адносна далейшага ўзаемадзеяння універсітэта з Лівіяй не паднімалася: было вырашана пачакаць да другога семестра.
«Мы некаторы час пачакаем. У гэтым годзе ўжо не будзем чапаць. Яны не шматлікія з замежных амбасадаў, якія стала запытвалі інфармацыю падрабязную, як ідзе навучанне, хто прапускае заняткі, якая паспяховасць. Пачакаем, можа ў гэтым годзе да заканчэння семестра яны таксама могуць пацікавіцца, тады адкажам. Не, мы выйдзем самі з ініцыятывай», - сказаў рэктар.