BE RU EN

«Палатка» ўводзіць каменданцкую гадзіну для тых, каму няма 16

  • 28.11.2011, 16:11

Генеральная пракуратура Беларусі прапануе ўвесці каменданцкі час для падлеткаў, маладзейшых за 16 гадоў.

Як перадае «Інтэрфакс-Захад», дадзеная норма змяшчаецца ў законапраекце, прадстаўленым сёння намеснікам генеральнага пракурора Аляксеем Стукам на разгляд у першым чытанні ў «палаце прадстаўнікоў» Беларусі.

«Мы не пайшлі па шляху прыняцця безумоўнага ўвядзення абмежаванняў для ўсіх непаўнагадовых», - сказаў намеснік генпракурора, дадаўшы, што абмежаванняў для падлеткаў ад 16 да 18 гадоў не будзе. Разам з тым ён адзначыў, што згодна з законапраектам плануецца забараніць непаўнагадовым, якія не дасягнулі ўзросту 14 гадоў, знаходзіцца без суправаджэння дарослых у грамадскіх месцах з 22:00 да 6:00, для падлеткаў ад 14 да 16 гадоў абмежаванні ўводзяцца з 23:00 да 06:00. Усіх непаўнагадовых, якія будуць выяўленыя ў грамадскіх месцах у начны час, супрацоўнікі міліцыі павінныя неадкладна даставіць бацькам, апекунам або ў дзіцячы прытулак, са складаннем акта аб іх перадачы.

Законапраект таксама прапануе ўсталяваць адміністрацыйную адказнасць бацькоў і асоб, якія іх замяняюць у выпадку знаходжання дзяцей уначы ў грамадскіх месцах.

Намгенпракурора акцэнтаваў увагу парламентарыяў на тым, што пракуратура адмовілася ад ідэі забароны на безумоўнае знаходжанне ўсіх непаўнагадовых ноччу ў грамадскіх месцах, а таксама ад увядзення адказнасці не толькі для бацькоў, але і для кіраўнікоў або ўладальнікаў грамадскіх месцаў, дзе ў начны час будуць знаходзіцца непаўнагадовыя.

Апошнія навіны