Расейскія ўмовы ўдарылі па «Нафтане»
- 29.11.2011, 15:22
Уведзеныя Расеяй з 1 кастрычніка ўмовы экспарту нафтапрадуктаў пагоршылі фінансавую сітуацыю беларускага ААТ «Нафтан».
Аб гэтым паведамілі агенцтву «Прайм-ТАСС» у адміністрацыі НПЗ.
Суразмоўца адзначыў, што з 2011 года ўсе экспартныя мытныя пошліны, якія зарабляюць НПЗ, сыходзяць у бюджэт Расеі - гэта ўмова пастаўкі вуглевадароднай сыравіны ў Беларусь. Узровень мытных пошлін таксама ўсталёўвае расейскі бок.
1 кастрычніка РФ змяніла падатковую палітыку ў нафтавай галіне, у выніку чаго былі значна павышаныя мытныя пошліны на цёмныя нафтапрадукты.
«У пераліку прадукцыі, што вырабляецца «Нафтанам», - гэта мазут і вакуумны газойль. Мытная пошліна на гэтыя нафтапрадукты павысілася, у выніку чаго павялічыліся адлічэнні з кошту экспартных кантрактаў завода ў бюджэт РФ. Адпаведна, грошай у бюджэт прадпрыемства цяпер паступае значна меней, чым да 1 кастрычніка», - адзначыў суразмоўца.
Па ягоных словах, у сітуацыі, якая склалася прадпрыемства імкнецца збалансаваць продажы на ўнутраным і знешнім рынках. «Унутраны рынак застаецца стратным. І чым больш завод прадае нафтапрадуктаў на ўнутраным рынку, тым менш атрымлівае валюты ад экспарту», - сказаў суразмоўца.
Наваполацкі НПЗ таксама разлічвае на павышэнне эфектыўнасці за кошт мадэрнізацыі тэхналагічных установак. «У цяперашні час завод завяршае пуска-наладачныя працы на ўсталяванні нізкатэмпературнай ізамерызацыі Penex і вакуумным блоку «вісбрэкінгу», што дазволіць знізіць выхад мазуту на 5-8% і павялічыць аб'ём вытворчасці бензіну стандарту Еўра-4», - сказаў суразмоўца.