BE RU EN

Аўдронюс Ажубаліс пратэстуе супраць судоў «па справе 19 снежня»

  • 24.02.2011, 16:47

Старшыня АБСЕ, міністр замежных спраў Літвы сур'ёзна занепакоены судовымі працэсамі над фігурантамі крымінальнай справы пра акцыі 19 снежня, што пачаліся ў Беларусі.

Пра гэта Аўдронюс Ажубаліс заявіў 24 лютага на адкрыцці зімовай сесіі Парламенцкай асамблеі АБСЕ ў Вене, паведамляе БелаПАН.

«Прысутнасць аб'ектыўных назіральнікаў БДІПЧ АБСЕ на працэсах жыццёва неабходная, - заявіў Ажубаліс. - Мы занепакоеныя сітуацыяй, якая склалася ў Беларусі, у тым ліку закрыццём офіса АБСЕ ў Менску».

Сёння сітуацыя ў Беларусі, у тым ліку пытанне аб закрыцці ў Менску офіса АБСЕ, абмяркоўваліся на пасяджэнні агульнага камітэта па дэмакратыі, правах чалавека і гуманітарных пытаннях ПА АБСЕ. Удзел у дыскусіі прынялі кіраўнік Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека (БДІПЧ) АБСЕ Янэз Лянарчыч і прадстаўнік АБСЕ па пытаннях свабоды СМІ Дунья Міятавіч.

Нагадаем, 31 снежня 2010 прадстаўнік Беларусі пры міжнародных арганізацыях у Вене Аляксандр Сычоў праінфармаваў удзельнікаў Сталага савета АБСЕ аб рашэнні Менска не падаўжаць мандат менскага офіса арганізацыі ў сувязі з «адсутнасцю аб'ектыўных падставаў для захавання місіі».

На думку палітолагаў, прычынай закрыцця офіса стала негатыўная адзнака прадстаўнікамі АБСЕ вынікаў прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі.

Захад асудзіў рашэнне афіцыйнага Менска аб закрыцці офіса. Вярхоўны прадстаўнік ЕЗ Кэтрын Эштан і дзяржсакратар ЗША Хілары Клінтан выступілі з сумеснай заявай, у якой выказалі шкадаванне з гэтай нагоды. На іх думку, крытычная адзнака прэзідэнцкіх выбараў з боку АБСЕ наглядна прадэманстравала, што выкананне мандата місіі ў Беларусі не завершанае.

15 лютага Аўдронюс Ажубаліс падчас візіту ў ЗША ў чарговы раз выказаў шкадаванне ў сувязі з рашэннем урада Беларусі не падаўжаць мандат офіса АБСЕ ў Мінску. «Літва як старшыня АБСЕ ў 2011 годзе абавязалася працягваць перамовы з Беларуссю і іншымі краінамі - удзельніцамі АБСЕ з мэтай працягнуць важную працу арганізацыі ў гэтай краіне», - сказаў ён.

Аднак 17 лютага на брыфінгу ў Менску прэс-сакратар МЗС Беларусі Андрэй Савіных заявіў: рашэнне аб закрыцці офіса АБСЕ - канчатковае.

Апошнія навіны